по́лымя, ‑я, н.
1. Агонь, які ўзнімаецца над тым, што гарыць. А ў полі пастухі палілі бульбоўнік і пырнік і, калі асядала магутнае, шыпучае полымя, пяклі ў прыску бульбу. Брыль. Агонь рос, шырыўся. Полымя.. лізала сцены, столь. М. Ткачоў. // Пра тое, што нагадвае такі агонь. Дзяўчаты з усмешкай Дарылі букеты. І вось загарэлася Полымя кветак. Танк. Бярозы на могілках стаялі ў жоўтым полымі. Шамякін.
2. перан. Запал, уздым. Вакол шугала полымя партызанскай помсты, разгаралася барацьба не на жыццё, а на смерць супраць лютага ворага. Дзюбайла.
•••
З агню ды ў полымя гл. агонь.
по́льдэр, ‑а, м.
Спец. Адгароджаны ад мора дамбай, асушаны і апрацаваны нізінны ўчастак пабярэжжа Паўночнага мора.
[Гал. polder.]
по́льдэрны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да польдэра. Па рэкамендацыях даследчыкаў пачалі ўжываць падземныя воды для арашэння, будаваць польдэрныя сістэмы. «Звязда».
по́лька 1,
гл. палякі.
по́лька 2, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.
Танец у хуткім тэмпе, а таксама музыка да гэтага танца. [Надзя і Саша] танцавалі польку, кадрыль, факстрот. Гроднеў. Пасля Лізавета і Наталля выціналі голасам польку і колькі разоў прайшлі танцам па хаце. Чорны.
[Чэшск. polka.]
по́лька 3, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.
Мужчынская стрыжка, пры якой валасы на скронях і на патыліцы злёгку падстрыгаюцца. Першым кінуўся ў вочы Станеўскі. Узмужнелы, пастрыжаны, як мелі звычай стрыгчыся нямецкія вайсковыя — пад высокую польку, з чорнымі і бліскучымі ад брыльянціну валасамі. Карпюк.
по́льны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і палявы (у 1, 2 знач.).
по́льскасць, ‑і, ж.
Уласцівасць, прыкмета польскага (у 1 знач.). [Пшэбора] Наўперад зняў канфедэратку, Як сведку польскасці ў краю. Колас.
по́льскі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да палякаў, да Польшчы. У польскай мове Васіль Бусыга быў не дужа моцны. Колас.
2. у знач. наз. по́льскі, ‑ага, м. Уст. Тое, што і паланэз.
по́люс, ‑а, м.
1. Пункт перасячэння з зямной паверхняй уяўнай восі вярчэння Зямлі. Паўночны полюс. // Мясцовасць вакол гэтага пункта. Яшчэ тыдні за два да ад’езду Толева маці пачала збіраць і старанна ўпакоўваць чамаданы, быццам яны адпраўляліся на які Паўночны полюс. Даніленка.
2. Спец. Адзін з двух супрацьлеглых канцоў электрычнага ланцуга. Дадатны полюс. // Адзін з двух супрацьлеглых канцоў магніта або электрамагніта.
3. перан.; звычайна мн. (по́люсы, ‑саў). Што‑н. зусім супрацьлеглае чаму‑н. Міжволі прыгадаўся Іван Леўкін. Дзве славутасці — Леўкін і Задруцкі. Розныя людзі. Розныя душэўныя полюсы. Дадзіёмаў.
•••
Магнітны полюс — пункт зямнога шара, дзе магнітная стрэлка прымае вертыкальнае становішча.
по́люсны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да полюса (у 1, 2 знач.).
по́марака, ‑і, ДМ ‑рацы, ж.
Тое, што і вар’яцтва, шаленства. // Страта здольнасці разумець тое, што акружае (ад стомленасці, хваробы і пад.).