Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нечака́насць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць нечаканага; раптоўнасць. Нечаканасць сустрэчы. □ Партызан ратавала іх смеласць, выключная нечаканасць іх з’яўлення. Лынькоў.

2. Нечаканая падзея, з’ява, нечаканыя абставіны і г. д. Саша глянула на брата і раптам зразумела, што ён узброены і гатовы да любых нечаканасцей. Шамякін. — Стой! Пароль! — раздаўся вокліч, і Сяміздраў аж падскочыў ад нечаканасці. Шчарбатаў.

нечака́ны, ‑ая, ‑ае.

Такі, якога не чакалі; непрадбачаны. Нечаканая вестка. □ Нечаканых гасцей было чацвёра: трое палякаў у вайсковай форме, а чацвёрты Мікіта Цэлех, узяты за панятога. Колас. Мільгалі твары ў масках і без масак, у самых нечаканых мудрагелістых касцюмах. Лобан. // Які ўзнік вельмі хутка; раптоўны. Насцярожанае маўчанне ночы парушылася раптам нечаканым раскатам грому. Васілевіч. / у знач. наз. нечака́нае, ‑ага, н. Раптам сталася нечаканае, — плотка даволі ўжо высока над вадой сарвалася з кручка... Брыль.

нечалаве́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць нечалавечнага; бесчалавечнасць. Нечалавечнасць адносін.

нечалаве́чны, ‑ая, ‑ае.

Пазбаўлены чалавечнасці; негуманны, бесчалавечны. Нечалавечнае абыходжанне. □ [Вадзім:] — Я разумеў, што раблю нешта вельмі брыдкае, нечалавечнае, але тады не шчырасць мною кіравала. Гаўрылкін.

нечалаве́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Не ўласцівы чалавеку. Схапіў [Стась] за рукі жанчыну і што было сілы пачаў выцягваць яе з палонкі. Ён спалохаўся яе вачэй, яе твару. Яны былі нейкія нечалавечыя, вырачаныя, налітыя крывёю, а твар перакошаны. Сабаленка. Цішыню ночы парушыў нечалавечы крык мацеры. Галавач.

2. Які перавышае чалавечыя магчымасці; празмерны. Нечалавечыя намаганні. □ Ноччу, перамагаючы нечалавечую стому і сон, Тышкевіч пайшоў да Самароса. Асіпенка.

3. Бесчалавечны. Нечалавечыя катаванні.

нечапа́ны і нячэ́паны, ‑ая, ‑ае.

Такі, якога не чапалі, да якога не дакраналіся. Нечапанай стаіць на стале вячэра. А. Вольскі. Купала запаліў электрычнасць, запрасіў пасунуцца да стала, дзе ад самага пачатку размовы так і стаяла нячэпанай бутэлька цынандалі. Лужанін. [Стэфка] брыла па сінім гладкім нечапаным снезе. Бядуля. // перан. Нявінны, цнатлівы. Эй, яблынька, Спей, румяная. Я дзевачка Нечапаная... А. Александровіч.

нечарго́вы, ‑ая, ‑ае.

Які адбываецца без чаргі, па-за вызначаным тэрмінам. Нечарговая сесія Вярхоўнага Савета. Нечарговы сход. Нечарговы адпачынак. □ Пасля ўрокаў быў прызначаны нечарговы збор атрада. Якімовіч.

нечарназе́м’е, ‑я, н.

Буйны сельскагаспадарчы і прамысловы нечарназёмны раён у Еўрапейскай частцы СССР.

нечарназёмны, ‑ая, ‑ае.

Бедны чарназёмам. Нечарназёмная глеба. // Размешчаны ў раёнах, бедных на чарназём. Нечарназёмная вобласць.

нечаса́ны 1 і нячэ́саны 1, ‑ая, ‑ае.

Якога не часалі; раскудлачаны. Нечасаныя валасы. Нячэсаны лён.

нечаса́ны 2 і нячэ́саны 2, ‑ая, ‑ае.

Не апрацаваны часаннем. Нечасаныя бярвёны.