нецырымо́ннасць, ‑і, ж.
Уласцівасць нецырымоннага; бесцырымоннасць.
нецэнзу́рнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць нецэнзурнага.
нецэнзу́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не адпавядае ўмовам цэнзуры, забаронены ёю. Нецэнзурная літаратура.
2. Непрыстойны. [Шыковіч:] — Слухайце, Анатоль Барысавіч!.. Каб мы з вамі былі ў больш блізкіх адносінах, эх, як я зараз вылаяў бы вас! Ведаеце, ёсць такія нецэнзурныя словы, якія, пры адпаведнай інтанацыі лепш і мацней за любую пахвалу. Шамякін.
нецярпе́нне, ‑я, н.
Недахоп, адсутнасць цярпення (пры чаканні чаго‑н.). Госці гарэлі ад нецярпення, але сядзелі паважна, нічым не выказваючы свайго прагавітага жадання кінуцца ў наступленне. Колас. — Сядай, Пятро, сядай ды хутчэй расказвай, — Лясніцкі ажно цёр ад нецярпення рукі. Шамякін.
нецярпі́масць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць нецярпімага. Нецярпімасць паводзін.
2. Нецярпімыя адносіны да каго‑, чаго‑н. Трэба вакол дармаедаў стварыць абстаноўку нецярпімасці. «Звязда».
нецярпі́мы, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, што нельга цярпець; недапушчальны. Нецярпімае становішча.
2. Які не можа па сваёй натуры мірыцца з кім‑, чым‑н., прызнаваць, цярпець каго‑, што‑н. Асабліва нецярпімы да моўнай неахайнасці быў К. Чорны. Пшыркоў. // Які вызначаецца нецярпімасцю. З Барбосам зладу не было, — Задзёрысты ён быў і нецярпімы. Корбан.
нецярплі́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан нецярплівага. Сядзелец, па прозвішчу Кляп, выказваў усе адзнакі нецярплівасці. Колас. [Сімон] разумеў, што зараз будзе цікавая размова, і яго аж дрыжыкі бралі ад нецярплівасці. Самуйлёнак.
нецярплі́вы, ‑ая, ‑ае.
Такі, якому не ўласціва цярпенне. Нецярплівы чалавек. □ Саша выйшла першая, як заўсёды імклівая, нецярплівая, — ёй цяжка было глядзець на развітанне. Шамякін. / у знач. наз. нецярплі́вы, ‑ага, м.; нецярплі́вая, ‑ай, ж. — Ты раскажы, дзед, што там сёння было? — прасілі нецярплівыя. Якімовіч. // Які выражае нецярпенне. Праз хвіліну пачулася нецярплівае наравістае фырканне каня. Мележ.
не́чага 1, нечаму, нечага, нечым, не аб чым.
1. займ. адмоўны (ужываецца з інф. у ролі галоўнага слова). Няма нічога, каб... Чытаць нечага, трэба ісці ў бібліятэку. Хлеба нечым нарэзаць. □ Жыць весела, ды есці нечага. Прыказка.
2. займ. неазначальны ў Р (ад займ. нешта). Чагосьці. У хаце адна Аўгінька. Яна стаіць і глядзіць нечага ў акно. Зарэцкі. Для нечага ж дадзены чалавеку і смутак і туга. Васілёнак.
3. часціца. Разм. Лепш бы; дарэчы. Узяў бы нечага ўсё. □ Пятрусь сеў на воз, сарваў сваю злосць на кані, сцебануўшы яго пугаю разоў са тры, каб заадно нечага і жонцы задаць страху. Колас.
не́чага 2, у знач. безас. вык., з інф.
Не трэба; няма патрэбы, няма сэнсу. І думаць нечага. Нечага спяшацца.
•••
Нечага на бога ківаць гл. ківаць.