Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

перамы́цца, ‑моюся, ‑маешся, ‑мыецца; зак.

1. Вымыцца, памыцца нанава, яшчэ раз.

2. Вымыцца, памыцца — пра ўсіх, многіх.

перамы́ць, ‑мыю, ‑мыеш, ‑мые; зак., каго-што.

1. Памыць, вымыць нанава, яшчэ раз. Перамыць падлогу. Перамыць бялізну.

2. Памыць, вымыць усё, многае або ўсіх, многіх. Перамыць усіх дзяцей. □ Мы з Надзеяй хутка прыбралі стол, перамылі посуд. Савіцкі.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Размыць. У адным месцы вада .. перамыла грэблю, і рагазінцы з грабарскімі рыдлёўкамі хадзілі ўціхамірваць стыхію. Сабаленка. / у безас. ужыв. Дарогу тут перамыла ўжо метраў на восем ўшыркі. Місько.

перамы́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Вузкая палоска зямлі паміж суседнімі воднымі масівамі, паглыбленнямі і пад. Капаць канаву з перамычкамі. □ Нарач аддзяляецца ад суседняга возера Мястра вузкай перамычкай з пралівам. «Беларусь».

2. Часовая плаціна, гаць. Перакрыць раку перамычкай. □ Калі канал будзе гатоў, перамычку ўзарвуць, і воды .. хлынуць па каналу. Дуброўскі.

3. Спец. Праваднік, які злучае два электрычныя ланцугі.

4. Спец. Аконнае або дзвярное перакрыцце.

перамяжо́ўванне, ‑я, н.

Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. перамяжоўваць — перамежаваць.

перамяжо́ўвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да перамяжоўваць.

перамяжо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да перамежаваць.

перамяжо́ўка, ‑і, ДМ ‑жоўцы; Р мн. ‑жовак; ж.

Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. перамяжоўваць — перамежаваць.

перамяні́цца, ‑мянюся, ‑менішся, ‑меціцца; зак.

1. Стаць іншым, змяніцца. Характар перамяніўся. Надвор’е перамянілася. □ Многае перамянілася за апошнія два гады ў калгасе. Дуброўскі. Як [Зоня] перамянілася, як папрыгажэла за гэты час!.. Кулакоўскі. // да каго. Змяніць свае адносіны да каго‑, чаго‑н. Да .. [Івана] раптам перамяніліся ўсе дружбакі. Быкаў. Я доўга думаў, што б такое зрабіць, каб мама перамянілася да іх [Алежкі і Федзі], і нават раіўся з сябрукамі. Скрыпка.

2. Разм. Замяніцца, змяніцца іншым, новым. — Не адзін полк за той час у тым горадзе перамяніўся. Чорны. — Яе ж у калгасе сустрэлі ў штыкі .. Перамянілася восем мужыкоў — старшынь, не хапала яшчэ бабы... Васілевіч. // Абмяняцца кім‑, чым‑н. з кім‑н. Чамусьці сюды захацеў перасесці Горык Шаблоўскі. Ён пачаў прасіць Васю Чэпелева перамяніцца з ім месцамі. Сапрыка. // у што. Разм. Пераадзецца. Перамяніцца ў чыстае. Перамяніцца ў будзённае. □ Гальвас, не маючы ўжо і бялізны перамяніцца, стараўся адчапіцца ад свайго слугі. Чорны.

перамяні́ць, ‑мяню, ‑меніш, ‑меніць; зак., каго-што.

1. Замяніць адно другім; змяніць. Перамяніць тэму размовы. □ Скінь боты, надзень сухія шкарпэткі, перамяні бялізну!.. Мележ. Рыба не клюе.. Трэба было б перамяніць месца, адысціся крокаў на дзесяць пад вярбу. Асіпенка.

2. Надаць іншую форму, зрабіць іншым; перайначыць. Перамяніць адносіны. Перамяніць голас. Перамяніць тактыку. □ Казанцаў пазнаў Аню Папову адразу, нягледзячы на тое, што час перамяніў яе амаль да непазнавальнага... Васілевіч.

перамянша́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да перамяншаць.