перамяні́цца, ‑мянюся, ‑менішся, ‑меціцца; зак.
1. Стаць іншым, змяніцца. Характар перамяніўся. Надвор’е перамянілася. □ Многае перамянілася за апошнія два гады ў калгасе. Дуброўскі. Як [Зоня] перамянілася, як папрыгажэла за гэты час!.. Кулакоўскі. // да каго. Змяніць свае адносіны да каго‑, чаго‑н. Да .. [Івана] раптам перамяніліся ўсе дружбакі. Быкаў. Я доўга думаў, што б такое зрабіць, каб мама перамянілася да іх [Алежкі і Федзі], і нават раіўся з сябрукамі. Скрыпка.
2. Разм. Замяніцца, змяніцца іншым, новым. — Не адзін полк за той час у тым горадзе перамяніўся. Чорны. — Яе ж у калгасе сустрэлі ў штыкі .. Перамянілася восем мужыкоў — старшынь, не хапала яшчэ бабы... Васілевіч. // Абмяняцца кім‑, чым‑н. з кім‑н. Чамусьці сюды захацеў перасесці Горык Шаблоўскі. Ён пачаў прасіць Васю Чэпелева перамяніцца з ім месцамі. Сапрыка. // у што. Разм. Пераадзецца. Перамяніцца ў чыстае. Перамяніцца ў будзённае. □ Гальвас, не маючы ўжо і бялізны перамяніцца, стараўся адчапіцца ад свайго слугі. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)