такі́-сякі́, такая-сякая, такое-сякое, займ. азначальны.
Разм. Выкарыстоўваецца як жартоўна-ацэначнае слова ў значэнні: невысокай якасці, нягодны, нядобры, нікчэмны. [Браты:] — Ах ты, дурань такі-сякі! Што табе [Іван], работы дома няма? Якімовіч. // Некаторы. Такія-сякія задумы. □ Былі ў яго [капітана] яшчэ такія-сякія меркаванні, як лепш дазнацца, вораг лётчык ці не, але аб гэтым ён пакуль што нікому не прагаварыўся. Ваданосаў. // Нейкі, канкрэтна не акрэслены. [Мураўскі] меў такую-сякую адукацыю, атрыманую ўжо ў Расіі, добра валодаў рускай мовай. Машара.
такі́-та, такая-та, такое-та.
1. займ. неазначальны. Ужываецца замест імя асобы, якая не называецца пры гаворцы. На нарадзе прысутнічалі такія-та і такія-та прадстаўнікі з цэнтра. // Ужываецца як указанне на які‑н. тэрмін, час. Падрыхтаваць звесткі к такому-та дню.
2. часціца. Разм. Выкарыстоўваецца для выражэння дакору, іроніі, асуджэння і пад. Такі-та ён вучоны! □ [Маці:] — Што ты [Хведар] нешта сёння з гэтым вужышчам усхадзіўся. Такі-та скарб. Пальчэўскі.
та́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да такаць 1.
тако́ўскі, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які заслугоўвае ўвагі, пахвалы або неадабрэння; асаблівы. Пайшла гаворка пра навіны з фронту. — Нічога вельмі такоўскага добрага, — дастаў Марынчук з кішэні гімнасцёркі недакурак. С. Александровіч. Другі б, напэўна, рукі апусціў і духам заняпаў, А Скрыпунок быў не такоўскі, Хоць ён не стаў Чайкоўскім, А «залатую жылу» адкапаў! Валасевіч.
та́кса 1, ‑ы, ж.
Дакладна ўстаноўленая расцэнка тавараў або размер аплаты працы і паслуг. Акцызнік набіваў сабе цану, хоць і ведаў, што больш, чым у такое, Завішнюк не заплаціць. Пташнікаў. [Начальнік:] — Нават буду ведаць таксу, што за кожны рэйс у лес па дровы .. бярэцца па сто рублёў. Скрыган.
[Фр. taxe ад лац. taxare — ацэньваць.]
та́кса 2, ‑ы, ж.
Невялікі гладкашэрсны сабака з крывымі кароткімі нагамі і доўгім тулавам. [Дзядзя:] — Жах! Каб ты[гр] у кабеціных руках ператварыўся ў таксу ці балонку?! Корбан.
таксава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. таксаваць.
таксава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад таксаваць.
таксава́цца, ‑суецца; незак.
Зал. да таксаваць.
таксава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак. і незак., што.
Спец. Зрабіць (рабіць) таксацыю (у 1 знач.) чаго‑н.; вылічыць (вылічаць) плату за што‑н. Таксаваць заработную плату.
та́ксавы, ‑ая, ‑ае.
Звязаны з устанаўленнем таксы 1. Таксавая камісія. // Устаноўлены па таксе 1. Таксавая цана.