рэгрэсі́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які ідзе назад у сваім развіцці, вядзе да рэгрэсу. Рэгрэсіўныя змены. Рэгрэсіўны працэс.
рэгрэ́сія, ‑і, ж.
Спец. Адступленне мора з занятай ім раней тэрыторыі, за кошт чаго пашыраецца суша.
[Лац. regressio — рух назад.]
рэгуліро́вачны, ‑ая, ‑ае.
Які прызначаецца, служыць для рэгуліроўкі, рэгулявання. Рэгуліровачны пост. Рэгуліровачны вінт. Рэгуліровачная адтуліна.
рэгуліро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. рэгуляваць.
рэгуліро́ўшчык, ‑а, м.
1. Той, хто рэгулюе рух на скрыжаваннях, паваротах дарог, вуліц. Які там ні горад Касаў, але парадак быў у ім гарадскі: у цэнтры, на скрыжаванні, стаяў рэгуліроўшчык. Брыль. Пропуск быў прымацаваны да шкла і на ўсіх пунктах Сяргею і Міколу толькі і паспявалі рэгуліроўшчыкі казыраць. Кавалёў.
2. Той, хто рэгулюе дзеянне якіх‑н. механізмаў.
рэ́гулы, ‑аў; адз. няма.
Тое, што і менструацыя.
[Ад лац. regula — норма, правіла.]
рэгулява́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. рэгуляваць.
рэгулява́цца, ‑люецца; незак.
Зал. да рэгуляваць.
рэгулява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак., што.
1. Надаваць, уносіць парадак, сістэму ў што‑н. Рэгуляваць рух на скрыжаванні дарог. Рэгуляваць падачу вады. □ У сельскай гаспадарцы сама прырода разумна рэгулюе чарговасць работы. Сабаленка.
2. Прыводзіць у неабходны для работы стан, дамагацца правільнага працякання якога‑н. працэсу. Тоня падцягвала то адну, то другую стралу, рэгулюючы спуск. Шчарбатаў. Па некалькі разоў на дзень наведваўся Сяргей: аглядаў і рэгуляваў машыну. Шамякін.