поліяміэлі́т, ‑у, М ‑ліце, м.
Эпідэмічны дзіцячы параліч — вострае інфекцыйнае захворванне, якое паражае ў асноўным нервовую сістэму.
[Ад грэч. polios — шэры і myelos — касцявы мозг.]
полк, палка, м.
1. Самастойная вайсковая адзінка, якая звычайна ўваходзіць у склад дывізіі або брыгады. Стралковы полк. □ Задача ўзвода, як і ўсяго палка, была — заняць рэйхстаг... Хомчанка. Праходзяць за ротаю рота гвардзейскія нашы палкі. Аўрамчык.
2. перан.; чаго. Вялікая колькасць, мноства. [Камендант:] — За ім [Шэметам], відаць, полк падшыванцаў стаіць. Бажко. Стаяць палкі баравікоў; дрыжыць басок чмяліны. Вялюгін.
•••
Кавалергардскі полк — першы полк гвардзейскай цяжкай кавалерыі, які ахоўваў асоб царскай фаміліі.
У нашым палку прыбыло гл. прыбыць.
по́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
1. Кавалак тканіны ва ўсю першапачатковую шырыню. Спадніца з трох полак. □ Вярнуўшыся ў хату, Салвесіха адламала калючы ліст сталетніку, разлупіла яго напалам, прыклала да раны і ўбінтавала галаву беленькай паркалёвай, адарванай ад старой сарочкі, палкай. Сабаленка.
2. Лаўка ў вагоне для сядзення або ляжання. Ярмолаў узлез на верхнюю полку, лёг і заплюшчыў вочы. Кулакоўскі.
по́лудзень, ‑дня, м.
1. Тое, што і абед. Сёння на світанні Піліпка зайшоў у хату, каб паснедаць і ўзяць торбачку з полуднем. Навуменка. Абедзенная пара даўно ўжо прайшла, але .. [Алесь] забыў пра полудзень. Чарнышэвіч.
2. Сярэдзіна дня; поўдзень. — Ну, то ўставай, ды будзем абедаць; ужо, бачыш, за полудзень мінула. Гартны.
3. Лёгкая яда паміж абедам і вячэрай; падвячорак.
по́луднік, ‑а, м.
Абл. Падвячорак. [Бацька] не хацеў крыўдзіць мяне: ад свайго полудніка пакідаў акрайчык хлеба і брусок сала. Сачанка.
по́лчышча, ‑а, н.
1. Вельмі вялікае войска (звычайна варожае). Варожае полчышча.
2. звычайна мн. (по́лчышчы, ‑чышч і ‑чышчаў); перан.; каго-чаго. Незлічоная, вялікая колькасць, безліч. Полчышчы камароў.
по́лы, ‑ая, ‑ае.
Пусты ўнутры, нічым не запоўнены. Полае сцябло. Полыя дэталі.
•••
Полыя вены гл. вена.
полымегасі́цель, ‑я, м.
Спец. Прыбор для гашэння полымя.
полымепадо́бны, ‑ая, ‑ае.
Падобны чым‑н. да полымя.
по́лымны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і палымяны. Мы крочым! Дарэмна па цёмных кутках Скуголіць падбрэхічаў зграя. З дарогі не звернем — Наш полымны сцяг Планеце шляхі азарае. «Вожык».