Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

неасла́бны, ‑ая, ‑ае.

Які адбываецца або дзейнічае з аднолькавай сілай. Неаслабны кантроль. □ Камісар умеў гаварыць цікава, і партызаны заўсёды слухалі яго з неаслабнай увагай, стараючыся не прапусціць ніводнага слова. Сіняўскі.

неаспрэ́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць неаспрэчнага. Неаспрэчнасць доказаў.

неаспрэ́чны, ‑ая, ‑ае.

Які не выклікае пярэчанняў; бясспрэчны, відавочны. Жыццё пацвердзіла найвялікшую, магутную сілу новага, сацыялістычнага ладу, яго неаспрэчныя перавагі перад капіталістычным ладам. «Звязда».

неасцяро́га, ‑і, ДМ ‑розе, ж.

Разм. Адсутнасць або недастатковасць асцярожнасці. Загінуў Сцяпан Жарыкаў праз сваю залішнюю бестурботнасць, неасцярогу. Казлоў.

неасцяро́жнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць неасцярожнага, недахоп асцярожнасці. Начальства эшалона і камендатура прыйшлі да згоды, што прычынай выбуху магла стацца неасцярожнасць саміх салдат. Лынькоў. // Неасцярожны ўчынак, паводзіны і пад. Адна хоць самая маленькая неасцярожнасць, адзін недастаткова вывераны крок — і ўсё гіне, сотні людзей ахвяруюць сваім жыццём. Кулакоўскі.

неасцяро́жны, ‑ая, ‑ае.

Які дзейнічае, не захоўваючы асцярожнасць неабачлівы. Сваім неасцярожным рухам Змітрок рэзка падаў супарт уперад, разец высек сноп іскраў і зламаўся... Ваданосаў. Здаецца, што зараз конь зробіць неасцярожны крок убок ці рванецца наперад, і калымажка праваліцца ў чорную бездань. Шашкоў.

неасэнсава́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць неасэнсаванага.

неасэнсава́ны, ‑ая, ‑ае.

Неабдуманы; неўсвядомлены, няясны. Неасэнсаваны парыў. Неасэнсаваны матэрыял. □ Нягледзячы на добры ранішні настрой, Лемяшэвіча апанаваў неасэнсаваны смутак. Шамякін.

неатамі́зм, ‑у, м.

Адна з рэакцыйных разнавіднасцей сучаснага ідэалізму, афіцыйная філасофія каталіцызму.

[Ад грэч. neos — новы і тамізм — ад уласн. імя.]

неатэктані́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да неатэктонікі.