Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

неўкамплектава́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан неўкамплектаванага; адсутнасць камплекта штата. Неўкамплектаванасць лабараторыі.

неўкамплектава́ны, ‑ая, ‑ае.

Няпоўны па саставу. Неўкамплектаваны штат установы.

неўладкава́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан неўладкаванага; адсутнасць сістэмы ў чым‑н. Неўладкаванасць спраў. □ Хлопчык пасек лазы, навысякаў колля і змайстраваў гэтакі добры будан, і калі б не вайна, калі б не раненыя ды не гора і боль навокал, можна было б забыцца на неўладкаванасць ляснога быту. Сабаленка.

неўладкава́нне, ‑я, н.

Стан неўладкаванага. Калі .. [Міхась Ларывончык] прыязджаў, .. [Алімпа] як бы расцвітала, весялела, бо тое гора асабістага неўладкавання, здавалася, меншала. Сабаленка.

неўладкава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Не прыведзены да ладу; неўпарадкаваны. Неўладкаваная гаспадарка. Неўладкаваныя справы.

2. Не забяспечаны ўсім неабходным. Жыве.. [Дзямковіч] у чужой хаце, у маленькім пакойчыку, жыццё неўладкаванае, як у халасцяка. Палтаран. Вучылішча было маладое, працавала толькі другі год, і майстэрні пакуль былі неўладкаваны. Даніленка.

неўласці́ва,

1. Прысл. да неўласцівы.

2. безас. у знач. вык. Нязвычна. Яму неўласціва спазняцца.

неўласці́вы, ‑ая, ‑ае.

Не характэрны каму‑, чаму‑н.; нязвычны для каго‑, чаго‑н. Марына Астапаўна прыпынілася, заглянула.. [Арэшкіну] у твар і з неўласцівым ёй раздражненнем сказала: — Пайшлі вы к чорту, Арэшка! Абрыдла мне ўсё гэта! І не чапляйцеся вы да мяне. Шамякін. Цвёрдыя пшаніцы, высеяныя ў неўласцівых для іх глебава-кліматычных умовах, .. змяняюць свае марфалагічныя адзнакі. «Весці».

неўмало́тны, ‑ая, ‑ае.

Які дае малую колькасць зерня пры абмалоце. Жыта дробнае.. Саломка яго тоненькая, а каласы кароценькія — неўмалотнае. Мурашка.

неўміру́часць, ‑і, ж.

Уласцівасць неўміручага; вечнае існаванне. Неўміручасць прыроды. □ Выдатныя справы, працоўны гераізм цяперашняга пакалення — гэта найярчэйшае сведчанне неўміручасці герояў Вялікай Айчыннай вайны, трыумф вечнай славы нашага народа. Машэраў.

неўміру́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які жыве вечна, не паддаецца смерці. Колькі разоў шматлікія ворагі выпальвалі нашы гарады і вёскі, але народ наш астаўся жыць, ён неўміручы. Гурскі.

2. Які застаецца назаўсёды ў памяці людзей; які не забываецца. Радзіма! У сонечных далях тваіх Жыве неўміручы Купала! Матэвушаў. На ўвесь свет сталі вядомымі, неўміручыя подзвігі герояў-панфілаўцаў, камсамолкі Зоі Космадзям’янскай і многіх тысяч іншых патрыётаў. Паслядовіч.