перамяжо́ўка, ‑і, ДМ ‑жоўцы; Р мн. ‑жовак; ж.
Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. перамяжоўваць — перамежаваць.
перамяні́цца, ‑мянюся, ‑менішся, ‑меціцца; зак.
1. Стаць іншым, змяніцца. Характар перамяніўся. Надвор’е перамянілася. □ Многае перамянілася за апошнія два гады ў калгасе. Дуброўскі. Як [Зоня] перамянілася, як папрыгажэла за гэты час!.. Кулакоўскі. // да каго. Змяніць свае адносіны да каго‑, чаго‑н. Да .. [Івана] раптам перамяніліся ўсе дружбакі. Быкаў. Я доўга думаў, што б такое зрабіць, каб мама перамянілася да іх [Алежкі і Федзі], і нават раіўся з сябрукамі. Скрыпка.
2. Разм. Замяніцца, змяніцца іншым, новым. — Не адзін полк за той час у тым горадзе перамяніўся. Чорны. — Яе ж у калгасе сустрэлі ў штыкі .. Перамянілася восем мужыкоў — старшынь, не хапала яшчэ бабы... Васілевіч. // Абмяняцца кім‑, чым‑н. з кім‑н. Чамусьці сюды захацеў перасесці Горык Шаблоўскі. Ён пачаў прасіць Васю Чэпелева перамяніцца з ім месцамі. Сапрыка. // у што. Разм. Пераадзецца. Перамяніцца ў чыстае. Перамяніцца ў будзённае. □ Гальвас, не маючы ўжо і бялізны перамяніцца, стараўся адчапіцца ад свайго слугі. Чорны.
перамяні́ць, ‑мяню, ‑меніш, ‑меніць; зак., каго-што.
1. Замяніць адно другім; змяніць. Перамяніць тэму размовы. □ Скінь боты, надзень сухія шкарпэткі, перамяні бялізну!.. Мележ. Рыба не клюе.. Трэба было б перамяніць месца, адысціся крокаў на дзесяць пад вярбу. Асіпенка.
2. Надаць іншую форму, зрабіць іншым; перайначыць. Перамяніць адносіны. Перамяніць голас. Перамяніць тактыку. □ Казанцаў пазнаў Аню Папову адразу, нягледзячы на тое, што час перамяніў яе амаль да непазнавальнага... Васілевіч.
перамянша́цца, ‑аецца; незак.
Зал. да перамяншаць.
перамянша́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да. пераменшыць.
перамяня́цца 1, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца.
Незак. да перамяніцца.
перамяня́цца 2, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.
Разм. Памяняцца з кім‑н. чым‑н. Перамяняліся мы месцамі, і я апынуўся ля сеткі. Карпюк.
перамяня́ць 1, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да перамяніць.
перамяня́ць 2, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.
Памяняць усё, многае або ўсіх, многіх. Перамяняць усіх коней. Перамяняць усе рэчы.
перамяра́цца, ‑аецца; незак.
Зал. да перамяраць.
перамяра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да перамераць (у 1, 2 знач.).
перамярза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да перамерзнуць.