недале́так, ‑тка, м.
Разм. Малады чалавек, які не дасягнуў паўналецця.
недале́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да недалячыцца.
недале́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да недалячыць.
недалёка,
1. Прысл. да недалёкі (у 1, 2 знач.).
2. у знач. вык. Аб нязначнай адлегласці да каго‑, чаго‑н. Жаданы яр ужо недалёка. Колас. Ад вёскі да лясніцтва было недалёка. В. Вольскі.
3. у знач. вык. Аб хуткім надыходзе чаго‑н. Недалёка ўжо і вечар. А. Александровіч. Да вечара недалёка. Чорны. // безас. у знач. вык. Мала чаго не хапае да чаго‑н. Помнім толькі адно, што зацішак Перад громам бывае часцей. Што ў вятроў недалёка да здрады: Могуць з ростані рынуць і рваць. Хадыка.
•••
Недалёка адскочыць гл. адскочыць.
недалёкасць, ‑і, ж.
Уласцівасць недалёкага (у 3 знач.).
недалёкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які знаходзіцца або адбываецца на нязначнай адлегласці; блізкі. Пры карчме была крама і шынок, у які гарэлку прывозілі вочкамі з недалёкага бровара. Бядуля. Злева ад нас памалу заціхаў бой, а начную цемрадзь спакваля разганялі водсветы недалёкага пажару. Дзенісевіч. // Які мае невялікую працягласць; кароткі. Дарога была недалёкая: сем вёрст. Чарнышэвіч.
2. Такі, які адбываўся нядаўна або адбудзецца, надыйдзе неўзабаве. У недалёкім мінулым. □ Быў шэры дзень, ужо напоўнены подыхам недалёкай зімы. Пестрак.
3. Разумова абмежаваны; някемлівы. Які мізэрны і ўбогі Той недалёкі чалавек, Што цягне да сваёй бярлогі Набыткі розныя ўвесь век. Панчанка.
недалёт, ‑у, М ‑лёце, м.
Падзенне снарада, кулі і пад. бліжэй намечанай цэлі. Міны грымнулі яшчэ раз. Цяжка было пазнаць — з пералётам гэтага месца ці з недалётам. Кулакоўскі.
недалёчка, прысл.
Разм.
1. Зусім блізка; побач. Ужо цямнела, як прыселі.. [дзед і Міколка] адпачыць у лесе, недалёчка ад чыгункі. Лынькоў.
2. у знач. вык. Аб нязначнай адлегласці да каго‑, чаго‑н. А ігруша — вось яна, недалёчка зусім, толькі прабегчы трохі па сцежцы да гумна. Крапіва.
недаліва́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. недаліваць.
недаліва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да недаліць.