недалёкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца або адбываецца на нязначнай адлегласці; блізкі. Пры карчме была крама і шынок, у які гарэлку прывозілі вочкамі з недалёкага бровара. Бядуля. Злева ад нас памалу заціхаў бой, а начную цемрадзь спакваля разганялі водсветы недалёкага пажару. Дзенісевіч. // Які мае невялікую працягласць; кароткі. Дарога была недалёкая: сем вёрст. Чарнышэвіч.

2. Такі, які адбываўся нядаўна або адбудзецца, надыйдзе неўзабаве. У недалёкім мінулым. ▪ Быў шэры дзень, ужо напоўнены подыхам недалёкай зімы. Пестрак.

3. Разумова абмежаваны; някемлівы. Які мізэрны і ўбогі Той недалёкі чалавек, Што цягне да сваёй бярлогі Набыткі розныя ўвесь век. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)