расцалава́ць, ‑лую, ‑луеш, ‑луе; зак., каго.
Абняўшы, моцна, некалькі разоў пацалаваць. [Ігнась] развітаўся, узяў на рукі чатырохгадовага Васілька, расцалаваў яго. Лынькоў. Налівайку хацелася кінуцца да Хрысціны, абняць яе, прыціснуць да грудзей, расцалаваць, але ён сябе стрымліваў. Гурскі.
расцало́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да расцалавацца.
расцало́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да расцалаваць.
расцані́ць, ‑цаню, ‑цэніш, ‑цаніць; зак., што.
1. Вызначыць цану чаго‑н.; ацаніць. Расцаніць тавар.
2. перан. Устанавіўшы сутнасць, характар чаго‑н., вызначыць свае адносіны, ацаніць. Паводзіны [Дубовіка] на бюро можна расцаніць, як паводзіны малавопытнага старшыні калгаса на пасяджэнні сельвыканкома... Сіўцоў. Надзя дапусціла памылку — толькі так, а не горш, расцаніў я тады яе ўчынак. Кірэенка.
расцве́лены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад расцвяліць.
расцве́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да расцвяліць.
расцвісці́, ‑цвіту, ‑цвіцеш, ‑цвіце; ‑цвіцём, ‑цвіцяце, ‑цвітуць; пр. расцвіў, ‑ла, ‑ло; зак.
1. Пакрыцца цветам, кветкамі; распусціцца. Расцвіў перад акном духмяны белы бэз. Брыль. Краска свеціцца, нібыта Толькі расцвіла. Прыходзька. / у перан. ужыв. Панурая выспа ўраз ажыла. Раней халодная і насцярожаная, яна зазвінела цёплым дзявочым смехам, расцвіла задорнымі ўсмешкамі хлопцаў. Паслядовіч.
2. перан. Дасягнуць пары росквіту фізічных і духоўных сіл. Лабановіч бачыў мілую дзяўчынку-падлетка і ўспрымаў яе такою, як яна ёсць — маладзенькая, гатовая расцвісці ў поўнай сваёй красе. Колас. // Стаць радасным, ажыўленым. Жанкі аж расцвілі ад задавальнення. Васілевіч. Каля інтэрната .. [студэнты] спаткалі Ганчарова.. Умомант .. вочы [Маі] загарэліся, уся яна ажывілася, расцвіла. Карпюк.
3. перан. Дасягнуць высокага развіцця, працвітання. Талент расцвіў. □ Беларусь, мая радзіма, Як жа расцвіла ты За час гэты, за кароткі, Як выгнала катаў! Купала.
расцвіта́нне, ‑я, н.
Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. расцвітаць — расцвісці; росквіт. Вечнае расцвітанне зямлі поўніць нас салодкай трывогаю сэрца. Чорны.
расцвіта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да расцвісці.
расцвы́ркацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Пачаць доўга, бесперастанку цвыркаць.