расцвісці́, ‑цвіту, ‑цвіцеш, ‑цвіце; ‑цвіцём, ‑цвіцяце, ‑цвітуць; пр. расцвіў, ‑ла, ‑ло; зак.
1. Пакрыцца цветам, кветкамі; распусціцца. Расцвіў перад акном духмяны белы бэз. Брыль. Краска свеціцца, нібыта Толькі расцвіла. Прыходзька. / у перан. ужыв. Панурая выспа ўраз ажыла. Раней халодная і насцярожаная, яна зазвінела цёплым дзявочым смехам, расцвіла задорнымі ўсмешкамі хлопцаў. Паслядовіч.
2. перан. Дасягнуць пары росквіту фізічных і духоўных сіл. Лабановіч бачыў мілую дзяўчынку-падлетка і ўспрымаў яе такою, як яна ёсць — маладзенькая, гатовая расцвісці ў поўнай сваёй красе. Колас. // Стаць радасным, ажыўленым. Жанкі аж расцвілі ад задавальнення. Васілевіч. Каля інтэрната .. [студэнты] спаткалі Ганчарова.. Умомант .. вочы [Маі] загарэліся, уся яна ажывілася, расцвіла. Карпюк.
3. перан. Дасягнуць высокага развіцця, працвітання. Талент расцвіў. □ Беларусь, мая радзіма, Як жа расцвіла ты За час гэты, за кароткі, Як выгнала катаў! Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)