Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пе́плум, ‑а, м.

Верхняя адзежа старажытных грачанак і рымлянак з лёгкай тканіны ў зборкі, без рукавоў, якая надзявалася на туніку.

[Лац. peplum.]

пепсі́н, ‑у, м.

Спец. Неабходны для стрававання фермент страўнікавага соку, здольны расшчапляць бялкі; лякарства з такога ферменту.

[Ад грэч. pepsis — страваванне.]

пепсі́навы, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да пепсіну. Пепсінавы прэпарат.

пе́псі-ко́ла, ‑ы, ж.

Безалкагольны танізуючы прахаладжальны напітак. Пачаставаць пепсі-колай.

[Англ. Pepsi-Cola.]

пепто́н, ‑у, м.

Спец. Прадукт распаду бялкоў пры страваванні пад уздзеяннем пепсіну.

[Ад грэч. peptos — звараны, ператраўлены.]

пепто́навы, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да пептону.

пера..., прыстаўка.

Ужываецца пры ўтварэнні дзеясловаў і вытворных ад іх слоў і абазначае: 1) накіраванасць дзеяння, руху з аднаго месца на другое, з аднаго боку на другі, напрыклад: перабегчы, перавярнуць, перайсці, перакласці (са стала на паліцу); 2) накіраванасць руху цераз які‑н. прадмет, перашкоду, напрыклад: перакінуць (цераз сетку), пералезці (цераз плот), пераплыць, пераскочыць; 3) змену накіраванасці дзеяння, перадачу каму‑, чаму‑н., напрыклад: перадаць (у спадчыну), пераспаць; 4) паўтарэнне дзеяння яшчэ раз, нанава, напрыклад: перакрыць, перарабіць, перачытаць, перашыць; 5) празмернасць дзеяння, а таксама давядзенне дзеяння да адмоўнага выніку, напрыклад: пераесці, перапаліць, перасіліць, ператрымаць, перахваліць; 6) перавагу, першынство ў якім‑н. дзеянні, напрыклад: перакрычаць, ператанцаваць, перахітрыць; 7) паслядоўны ахоп дзеяннем усіх або многіх асоб, прадметаў і вычарпальнасць такога дзеяння, напрыклад: пералавіць, перамыць (увесь посуд), перапэцкаць (рукі), перастраляць, перахварэць (усімі дзіцячымі хваробамі); 8) надзел чаго‑н. на часткі, напрыклад: перагарадзіць, перакусіць (нітку), пераламаць; 9) запоўненасць дзеяннем якога‑н. прамежку часу або правядзенне пэўным чынам якога‑н. прамежку часу, напрыклад: перазімаваць, пераначаваць, перачакаць (дождж); 10) пераўтварэнне ў што‑н. іншае, пераход у іншы стан, від і інш., напрыклад: перакласці (на іншую мову), перарасло (сяброўства ў каханне), перамяніць (свой колер), перафразіраваць; 11) спыненне якога‑н. дзеяння, стану, напрыклад: перабалела (сэрца), перабаяцца, перабрадзіць; 12) слабае праяўленне дзеяння або яго кароткачасовасць, напрыклад: перадыхнуць, перакусіць (перад абедам); 13) (з часціцай ‑ся/‑ца) узаемнасць дзеяння, напрыклад: перамігвацца, перапісвацца, перасварыцца.

пераабіра́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да пераабіраць.

пераабіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да пераабраць.

пераабмундзірава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пераабмундзіраваць.