Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

збожжасхо́вішча, ‑а, н.

Памяшканне для захоўвання збожжа. Пабудаваць збожжасховішча.

збожжаўбо́рачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да збожжаўборкі. Збожжаўборачныя работы. Збожжаўборачная пара. // Які прызначаецца для збожжаўборкі. Збожжаўборачны камбайн.

збожжаўбо́рка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.

Уборка збожжа. Падрыхтоўка да збожжаўборкі. Закончыць збожжаўборку.

збожжафура́ж, ‑у, м.

Збожжа і фураж як прадметы сельскагаспадарчых нарыхтовак.

збожжафура́жны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да збожжафуражу.

збой, ‑ю, м.

1. Вялікая колькасць каго‑, чаго‑н., цесна сабранага, збітага ў адным месцы. І ў гэткім шуме можна парою нічога не чуць, і ў гэткім збоі людзей можна часамі быць адзінокім. Брыль.

2. Перабой у руху, рабоце, дзеянні. [Становішча] вось-вось пяройдзе за тую мяжу, калі замінка дзе-небудзь у адным месцы імгненна выкліча збоі ў іншых месцах. Васілёнак.

3. Спец. Галава, ногі і ўнутранасці забітай на мяса жывёлы.

збо́йка, ‑і, ДМ збойцы; Р мн. збоек; ж.

1. Падрыхтоўчая горная выпрацоўка, якая злучае дзве другія і прызначаецца для розных дапаможных мэт.

2. Злучэнне дзвюх сустрэчных выпрацовак пры праходцы іх.

збо́ку, прысл.

1. З краю, не ў сярэдзіне, не ў цэнтры. Збоку ад дарогі. □ Недзе далёка збоку, на левым краі, за ракою засакатаў кулямёт. Краўчанка. У цэнтры сядзіць суддзя — высокі мужчына з дабрадушным тварам. Паабапал яго — два народныя засядацелі. А збоку за сталом — сакратарка. Дадзіёмаў. // Побач, поплеч. Разам з маці, Галейша Ганнай, выйшлі і сталі моўчкі збоку Жэня, Міця і Соня. Пальчэўскі.

2. З месца, аддаленага ад каго‑, чаго‑н. Хлопцы не раз бачылі трактары на полі. Але там яны глядзелі на іх збоку. Якімовіч. Збоку ўсё было падобна на вялікі цыганскі табар. Лынькоў. // перан. З пазіцыі старонняга, незацікаўленага чалавека. Так, збоку, новымі вачамі глядзела [Галя] сёння і на свой цэх, на людзей, з якімі працуе ўжо некалькі год. Арабей. — Канечне, — кажа [Мурашова], — збоку ўсё вельмі лёгка здаецца. Скрыган.

3. у знач прыназ. з Р. Побач з кім‑, чым‑н., паблізу каго‑, чаго‑н. Дзед моўчкі смокча сваю самаробную арэхавую люльку на ўслоне збоку стала. Якімовіч.

•••

Збоку прыпёку — пра каго‑, што‑н. зусім непатрэбнае, лішняе.

збо́льшага, прысл.

Разм. У асноўным, у галоўных рысах. Праз які тыдзень атрад збольшага быў укамплектаваны. Краўчанка. — Не бойся, — пачаў .. [незнаёмы] і, хвалюючыся, пераскокваючы з аднаго на другое, збольшага расказаў пра сябе. Сачанка. // Не ў поўную меру, часткова. Перакусіўшы збольшага, хлопцы паклалі рэшту хлеба ў чамаданы і выйшлі на вуліцу. Якімовіч.

збор, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. збіраць — сабраць.

2. Тое, што сабрана; агульная колькасць чаго‑н. сабранага. Валавы збор збожжа. □ [Яраш] хваліўся ў бальніцы персаналу і нават хворым сваімі грыбнымі зборамі. Шамякін. // Агульная колькасць людзей, якія сабраліся куды‑н. Зараз на рынку не было і пятай долі звычайнага збору. Якімовіч. // Збіраемыя або сабраныя на што‑н., за што‑н. грошы або іншыя адлічэнні. Страхавы збор. Памольны збор. / Аб даходзе ад тэатральнага прадстаўлення. Чысты збор.

3. Сукупнасць сабраных і выданых разам якіх‑н. тэкстаў. Збор законаў. Збор твораў пісьменніка.

4. Дзеянне паводле дзеясл. збірацца — сабрацца (у 1 знач.). Збор на дэманстрацыю. Месца збору. // Сігнал да такога дзеяння. Зайграць збор.

5. Сход членаў якой‑н. арганізацыі, калектыву. Піянерскі збор. □ [Саша] першы раз ідзе на збор падпольнай групы. Шамякін.

6. звычайна мн. (збо́ры, ‑аў). Кароткачасовае знаходжанне ваеннаабавязаных на вайсковай службе для абучэння. І калі на зборы Клічуць ваенкомы, Мы заўсёды рады Выкліку такому. Нядзведскі. Летам у Віктара былі вайсковыя зборы. Дакладней, перападрыхтоўка. Паўлаў. // Кароткачасовае знаходжанне дзе‑н. з мэтай трэніроўкі. Трэніровачныя зборы.

7. толькі мн. (збо́ры, ‑аў). Падрыхтоўка да якога‑н. дзеяння (ад’езду, адпраўлення куды‑н.). Месца было роднае і такое мілае, што Віця аж заплакаў крадком, калі да хаты падышла машына і пачаліся зборы да выезду. Чарнышэвіч. — Правільна, — згадзіўся Сцяпан. — Пяць мінут на зборы. Гамолка.

•••

Гарцавы збор (уст.) — плата за памол і апрацоўку зерня на крупы.

Гербавы збор — асобы дзяржаўны збор пры афармленні дакументаў па грамадзянска-прававых справах (рэалізуецца шляхам продажу марак пэўнай цаны (у СССР з 1930 г. заменен дзяржаўнай пошлінай).

У зборы — аб поўнай яўцы, прысутнасці каго‑н. дзе‑н. Было без чвэрткі восем, а людзі амаль усе былі ў зборы. Гурскі.