збо́ку, прысл.

1. З краю, не ў сярэдзіне, не ў цэнтры. Збоку ад дарогі. □ Недзе далёка збоку, на левым краі, за ракою засакатаў кулямёт. Краўчанка. У цэнтры сядзіць суддзя — высокі мужчына з дабрадушным тварам. Паабапал яго — два народныя засядацелі. А збоку за сталом — сакратарка. Дадзіёмаў. // Побач, поплеч. Разам з маці, Галейша Ганнай, выйшлі і сталі моўчкі збоку Жэня, Міця і Соня. Пальчэўскі.

2. З месца, аддаленага ад каго‑, чаго‑н. Хлопцы не раз бачылі трактары на полі. Але там яны глядзелі на іх збоку. Якімовіч. Збоку ўсё было падобна на вялікі цыганскі табар. Лынькоў. // перан. З пазіцыі старонняга, незацікаўленага чалавека. Так, збоку, новымі вачамі глядзела [Галя] сёння і на свой цэх, на людзей, з якімі працуе ўжо некалькі год. Арабей. — Канечне, — кажа [Мурашова], — збоку ўсё вельмі лёгка здаецца. Скрыган.

3. у знач прыназ. з Р. Побач з кім‑, чым‑н., паблізу каго‑, чаго‑н. Дзед моўчкі смокча сваю самаробную арэхавую люльку на ўслоне збоку стала. Якімовіч.

•••

Збоку прыпёку — пра каго‑, што‑н. зусім непатрэбнае, лішняе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)