пералакіро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пералакіроўваць — пералакіраваць.
пералама́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пераламаць.
пералама́цца, ‑ламлюся, ‑ломішся, ‑ломіцца; зак.
1. Паламацца напалам, на часткі. Няшчасце прыйшло нечакана — пад напорам моцнага ветру захісталася жалезабетонная калона і, пераламаўшыся пасярэдзіне, упала. Дадзіёмаў. Паплеціна непаслухмяна хіснулася і пераламалася каля самай.. рукі. Мележ. // Пашкодзіцца, зламацца ад удару (пра косці). Нага пераламалася.
2. Паламацца — пра ўсё, многае.
3. Крута сагнуцца, адхіліцца, пайсці ў іншым напрамку. Пераламаўся прамень дрыгатлівы На вострым плячы будана ў Разліве. Барадулін.
4. перан. Рэзка перамяніцца, стаць іншым (пра характар, звычкі, паводзіны і пад.). Нешта з’яднала не зусім дружную вуліцу. Нешта пераламалася ў адносінах добра знаёмых нам суседзяў. Навуменка. // Змяніцца ў горшы бок (пра жыццё, кар’еру і пад.). [Арцюшыха] усім сэрцам разумела маладую жанчыну, жыццё якой пераламалася акурат тады, калі яму сама трэба буяць. Сабаленка.
5. перан. Перарвацца, змяніцца па тэмбру пад уздзеяннем моцных пачуццяў, перажыванняў (пра голас). — Больш затрымлівацца мы не можам! Чуеш, Малько! — Голас маёра вось-вось гатовы быў пераламацца на высокай ноце. Беразняк.
пералама́ць, ‑ламлю, ‑ломіш, ‑ломіць; заг. пераламі; зак.
1. што. Паламаць напалам, на часткі. Пераламаць палку. // Ударам пашкодзіць, перабіць (пра косці). Пераламаць руку. □ Як баліць спіна, здаецца — яе пераламалі ў паясніцы. Пташнікаў.
2. што. Паламаць усё, многае. Вецер пераламаў усе дрэвы.
3. што. Крута сагнуць. Пераламаць ліст кардону.
4. перан.; каго-што. Перамяніць, зрабіць іншым (характар, звычкі, паводзіны і пад.). Максім з гэтага зрабіў вывад, што Таня і тут патрапіла пераламаць свой характар. Машара. Не знайшлі падыходу к чалавеку, не дапамаглі яму па-сапраўднаму пераламаць сябе. Казлоў.
пераламле́нне, ‑я, н.
1. У фізіцы — адхіленне, змяненне напрамку (радыёхваль, светлавых, гукавых і інш. хваль) пры пераходзе з аднаго асяроддзя ў другое. Пераламленне святла.
2. Вытлумачэнне якой‑н. з’явы, заснаванае на пэўным яе разуменні. Платонаў.. ствараў вобраз у пераламленні часу. Сабалеўскі.
пералапа́ціць, ‑пачу, ‑паціш, ‑паціць; зак., што.
Перамяшаць лапатай. Пералапаціць пясок з цэментам. Пералапаціць зерне на таку.
пералапа́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пералапаціць.
пералапа́чванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. пералапачваць — пералапаціць.
пералапа́чвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да пералапачваць.
пералапа́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да пералапаціць.