пералама́цца, ‑ламлюся, ‑ломішся, ‑ломіцца; зак.
1. Паламацца напалам, на часткі. Няшчасце прыйшло нечакана — пад напорам моцнага ветру захісталася жалезабетонная калона і, пераламаўшыся пасярэдзіне, упала. Дадзіёмаў. Паплеціна непаслухмяна хіснулася і пераламалася каля самай.. рукі. Мележ. // Пашкодзіцца, зламацца ад удару (пра косці). Нага пераламалася.
2. Паламацца — пра ўсё, многае.
3. Крута сагнуцца, адхіліцца, пайсці ў іншым напрамку. Пераламаўся прамень дрыгатлівы На вострым плячы будана ў Разліве. Барадулін.
4. перан. Рэзка перамяніцца, стаць іншым (пра характар, звычкі, паводзіны і пад.). Нешта з’яднала не зусім дружную вуліцу. Нешта пераламалася ў адносінах добра знаёмых нам суседзяў. Навуменка. // Змяніцца ў горшы бок (пра жыццё, кар’еру і пад.). [Арцюшыха] усім сэрцам разумела маладую жанчыну, жыццё якой пераламалася акурат тады, калі яму сама трэба буяць. Сабаленка.
5. перан. Перарвацца, змяніцца па тэмбру пад уздзеяннем моцных пачуццяў, перажыванняў (пра голас). — Больш затрымлівацца мы не можам! Чуеш, Малько! — Голас маёра вось-вось гатовы быў пераламацца на высокай ноце. Беразняк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)