разназна́чны, ‑ая, ‑ае.
Які адрозніваецца па значэнню ад другога (другіх).
разнакве́цце, ‑я, н.
Разнастайнасць колераў, фарбаў.
разнако́лерны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і рознакаляровы.
разнале́ссе, ‑я, н.
Лес, у якім растуць розныя пароды дрэў. Вада блізка — калодзеж на ўскраіне вострава — там, дзе сасняк пераходзіць у разналессе, і рачулка балотная побач. Навуменка.
разналі́сты, ‑ая, ‑ае.
Які мае лісце рознай формы, выгляду. Разналістае чарналессе. Разналістыя расліны.
разнама́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Рознай масці. На цэлым табуне разнамасных коней .. едуць, едуць, едуць цыганы. Брыль.
2. перан. Рознага колеру, афарбоўкі, выгляду. — Я яго кепска ведаю. Ведаю, што працуе арганістам у Святаянскім касцёле. Дзіўна, чаму ён тут бывае? Але тут, наогул, даволі разнамасны хаўрус. Караткевіч.
разнаме́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае неаднолькавы з другім (другімі) памер. Разнамерны абутак.
разнамо́ўе, ‑я, н.
Наяўнасць розных моў або народаў, якія гавораць на розных мовах.
разнамо́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які складаецца з народнасцей або людзей, што гавораць на розных мовах. Горад [Нью-Йорк] разнамоўны, рознаплямённы, стракаты, крыклівы. Новікаў. // Які належыць людзям, што гавораць на розных мовах. Тую, уяўную, ідэальную маці, якой складаліся гэтыя разнамоўныя, рознагалосыя «Ave Maria», .. [Алесь] уявіў па-сапраўднаму трохі пазней, калі ў нейкай, зусім выпадковай, кнізе свайго малалецтва ўбачыў упершыню сіксцінскую мадонну Рафаэля. Брыль.
2. Які змяшчае словы розных моў. Разнамоўны слоўнік.
разнамы́снасць, ‑і, ж.
Уст. Нязгода ў думках; несупадзенне перакананняў.