Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

секулярызацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да секулярызацыі. Секулярызацыйны акт.

секулярыза́цыя, ‑і, ж.

1. Перадача царкоўнай і манастырскай уласнасці ва ўласнасць дзяржавы. Секулярызацыя манастырскіх зямель.

2. Канфіскацыя чаго‑н. з царкоўнага, духоўнага ведання і перадача свецкаму, грамадзянскаму. Секулярызацыя школьнага навучання. // перан. Вызваленне грамадскай і індывідуальнай свядомасці ад уплыву рэлігіі. Секулярызацыя думкі.

[Ад лац. saecularis — сведкі.]

секу́нда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Адзінка вымярэння часу, роўная 1/60 часткі мінуты. Кожны з нас Працы час Да секунд разлічыў, Толькі б болей зрабіць для любімай Радзімы! Панчанка. // Вельмі кароткі адрэзак часу, імгненне. І вось праз секунду, а можа праз дзве Трапечацца лешч на вільготнай траве. Глебка.

2. Адзінка вымярэння вуглоў, дуг, роўная 1/3600 градуса, якая на пісьме абазначаецца значком ″ зверху лічбы справа.

3. У музыцы — другая ступень дыятанічнай гамы, а таксама інтэрвал паміж двума суседнімі гукамі гэтай гамы.

4. Другі інструмент і яго партыя ў аркестры. Скрыпка-секунда. Кларнет-секунда.

[Ад лац. secunda — другая, наступная.]

секундаме́р,

Прыбор для вымярэння часу з дакладнасцю да дзесятых долей секунды. [Суддзя] стаяў з секундамерам у руках і ўважліва сачыў за кожным рухам удзельнікаў бегу. «Беларусь».

секундаметры́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Асоба, якая на спартыўных спаборніцтвах вядзе ўлік часу пры дапамозе секундамера.

секунда́нт, ‑а, М ‑нце, м.

1. Сведка і пасрэднік кожнага з удзельнікаў дуэлі. О, д’ябал! Зноў разважлівыя секунданты Зарадзілі нашу зброю Не тымі набоямі... Сіпакоў.

2. Пасрэднік і памочнік удзельніка спартыўнага спаборніцтва.

[Ад лац. secundans, secundantis — які садзейнічае, дапамагае.]

секунда́нцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да секунданта. Секунданцкія паўнамоцтвы.

секу́ндны, ‑ая, ‑ае.

1. Які паказвае секунды (у 1 знач.). Секундная стрэлка.

2. Які працягваецца секунду, вельмі кароткі, імгненны. Секундны перапынак. Секундная паўза. // Які адбываецца за адну секунду. Секундны расход вады.

секу́нд-маёр, ‑а, м.

Афіцэрскае званне ў рускай арміі 18 ст., якое пазней адпавядала званню капітана. // Асоба, якая мае гэта званне.

[Ад лац. secundus — другі і слова маёр.]

секцы́йны 1, ‑ая, ‑ае.

1. Які праводзіцца па секцыях ​1 (у 1 знач.), адбываецца ў секцыях. Секцыйная работа. Секцыйныя заняткі.

2. Які складаецца з секцый ​1 (у 2 знач.). Секцыйныя кухонныя сталы. // Які ажыццяўляецца па секцыях. Секцыйная штампоўка дэталей.

секцы́йны 2, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які выкарыстоўваецца пры анатаміраванні трупаў. Секцыйны інструментарый.