рэ́гентка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Разм. Жан. да рэгент.
рэ́генцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рэгента, належыць яму. Рэгенцкія рэгаліі.
рэ́генцтва, ‑а, н.
1. Часовае праўленне ў манархічных краінах адной або некалькіх асоб з выпадку хваробы, працяглага адсутнічання, непаўналецця манарха і г. д.
2. Званне, пасада рэгента.
рэгіён, ‑а, м.
Спец. Пэўная тэрытарыяльная адзінка (раён, вобласць), якая адрозніваецца ад іншых спецыфічнымі рысамі.
[Лац. regio — вобласць.]
рэгі́стр, ‑а, м.
1. Спіс, пералік чаго‑н., кніга для запісу, уліку, рэгістрацыі чаго‑н. Рэгістр бухгалтарскага ўліку. Рэгістр паступленняў.
2. Участак гукавога дыяпазону музычнага інструмента або голасу, які займае пэўнае становішча па вышыні. Нізкі рэгістр. □ [Барсукова] здзівіла прыгожым голасам, чыстатой інтанацыі і роўным гучаннем ва ўсіх рэгістрах, а таксама глыбокім драматычным тэмпераментам. «Беларусь». // У некаторых духавых і язычковых музычных інструментах (аргане, фісгармоніі і пад.) — група труб або язычкоў з гучаннем аднолькавага тэмбру.
3. Спец. Размеркавальнік, рэгулятар у некаторых машынах і прыборах. // Рад клавішаў у клавішных літарных або лічыльна-аналітычных машынах. Ніжні рэгістр.
4. У СССР — орган тэхнічнага нагляду, які вызначае ўмовы бяспечнага плавання грузавых і пасажырскіх суднаў.
[Лац. registrum — спіс, пералік.]
рэгістрава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. рэгістраваць, рэгістравацца.
рэгістрава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; незак.
1. Запісвацца, адзначацца з мэтай уліку. Рэгістравацца ў сакратара.
2. Афармляць юрыдычна сваё ўступленне ў шлюб. [Анатоль] не спяшаецца рэгістравацца, адцягвае ўсё з разводам. Пальчэўскі.
3. Зал. да рэгістраваць.
рэгістрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што.
1. Запісваць у кнігу, у спіс, у рэгістр; браць на ўлік. Рэгістраваць карэспандэнцыю. Рэгістраваць дэлегатаў з’езда. □ — Трэба нам завесці свой касавы журнал, рэгістраваць у ім дакументы, каб каса нечым правяралася. Скрыган.
2. Афармляць юрыдычна з мэтай уліку або надання чаму‑н. законнай сілы. Рэгістраваць нараджэнне. Рэгістраваць шлюб. // Запісваць, адзначаць якую‑н. з’яву, факт. Рэгістраваць змены надвор’я. □ [Захараў:] — Ваша газета, якая цяпер толькі рэгіструе факты і рэдка калі выступае ініцыятарам якога-небудзь каштоўнага мерапрыемства, стала б сапраўдным вашым баявым памочнікам. Сіўцоў.
рэгі́стравы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рэгістра.
•••
Рэгістравая тона гл. тона.
рэгістра́тар, ‑а, м.
1. Службовая асоба ва ўстанове, якая праводзіць рэгістрацыю каго‑, чаго‑н. «Кінь, дачушка, — кажа [маці], — галаву скруціш. Лепш ідзі да нас у бальніцу за рэгістратара». Грахоўскі. // Той, хто рэгіструе каго‑н., адзначае яўку каго‑н. Адзначыцца ў рэгістратара.
2. перан. Той, хто адзначае, канстатуе бягучыя з’явы, падзеі. Наш друк, радыё і тэлебачанне не павінны быць толькі рэгістратарамі новых станоўчых з’яў жыцця. «Звязда».
•••
Калежскі рэгістратар — першы, ніжэйшы цывільны чын у дарэвалюцыйнай Расіі.