непатрабава́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Сціплы ў сваіх патрэбах. Аляксандр Акімавіч добры чалавек, але ж занадта аскетычны нейкі і непатрабавальны да жыцця. М. Стральцоў. // Які можа расці, існаваць у розных умовах (пра расліны, жывёлу). Лішайнікі — самыя непатрабавальныя расліны. // Просты, без прэтэнзій. Непатрабавальны густ.
2. Які не прад’яўляе высокіх патрабаванняў да каго‑н.; які не вызначаецца патрабавальнасцю. Непатрабавальны камандзір.
непатрэ́бна, у знач. вык.
Без патрэбы. Не хацелася думаць аб ядзе, ды яна зусім была.. [Антосю] непатрэбна. Гартны.
непатрэ́бнасць, ‑і, ж.
Адсутнасць патрэбы ў кім‑, чым‑н.
непатрэ́бны, ‑ая, ‑ае.
Такі, у якім няма патрэбы, неабходнасці; лішні. [Талстоў] прыпыняецца, амаль на хаду скідае.. [боты], разам з імі кідае непатрэбную без ракет ракетніцу. Брыль. Маланкі крэслілі неба так часта, што жоўты агеньчык свечкі стаў зусім .. непатрэбны. Караткевіч.
непатрэ́бшчына, ‑ы, ж.
Разм.
1. Тое, у чым няма патрэбы, неабходнасці. Нельга, каб пачатак у апавяданні быў вялы, доўгі, загрува[шч]аны ўсякай непатрэбшчынай. Скрыган. // Непатрэбныя рэчы, хлам. Стары хляўчук быў застаўлены каністрамі, вёдрамі, завалены рознай непатрэбшчынай. Ваданосаў.
2. Глупства, бязглуздзіца, лухта. Трэба было перапыніць Яўгена, не даць нагаварыць непатрэбшчыны. Савіцкі. [Арцём Іванавіч] ішоў, а ў галаву лезла ўсялякая непатрэбшчына. Грахоўскі.
непаўназу́быя, ‑ых.
Атрад млекакормячых жывёл са спрошчанай будовай зубоў або без зубоў.
непаўнале́тні, ‑яя, ‑яе.
1. Які не дасягнуў паўналецця. Непаўналетні юнак.
2. у знач. наз. непаўнале́тні, ‑яга, м.; непаўнале́тняя, ‑яй, ж. Юнак або дзяўчына, якія не дасягнулі паўналецця.
непаўнале́цце, ‑я, н.
Узрост чалавека, які не дасягнуў паўналецця. Ранейшая, крыху несуразмерная танклявасць .. [Васіля], якая падчас залішне выразна падкрэслівала яго непаўналецце, ужо даўно знікла. Кулакоўскі.
непаўнапра́ўнасць, ‑і, ж.
Стан непаўнапраўнага.
непаўнапра́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які не мае ўсіх правоў, нераўнапраўны з іншымі. Хоць Лабановіч зараз быў далёка непаўнапраўны настаўнік, ад начальства не пастаўлены, але ён адчуў вялікае задавальненне, калі ў леснікову хату прыйшло дзевяць хлапчукоў рознага ўзросту і рознай адукацыі. Колас.