Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

неакура́тнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць неакуратнага; неахайнасць.

неакура́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не захоўвае парадку, дакладнасці. Неакуратны плацельшчык. □ Неакуратны ж і неадначасны збор перашкаджае нармальнаму ходу заняткаў. Колас.

2. Нядбайна зроблены, недакладна выкананы. Неакуратны надпіс.

3. Неахайны ў адносінах да сваіх рэчаў. Неакуратны вучань.

неалагі́зм, ‑у, м.

Словы або выразы, якія з’яўляюцца ў мове для абазначэння новых паняццяў.

[Ад грэч. neos — новы і lógos — слова.]

неалі́т, ‑у, М ‑ліце, м.

Эпоха пазнейшага каменнага веку.

[Ад грэч. neos — новы, lidos — камень.]

неаліты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да неаліту. Неалітычны век.

неандэрта́лец, ‑льца, м.

Від выкапнёвага чалавека, які жыў 200–35 тысяч гадоў таму назад у Еўропе, Азіі і Афрыцы.

[Ад назвы даліны Neandertal каля Дзюсельдорфа, дзе ў 1856 г. былі ўпершыню знойдзены часткі шкілета гэтага чалавека.]

неандэрта́льскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да неандэртальца.

неапазна́ны, ‑ая, ‑ае.

Такі, якога не пазналі, не прызналі па якіх‑н. прыкметах. Неапазнаны труп.

неапе́раны, ‑ая, ‑ае.

Не пакрыты пер’ем (аб птушаняці). Неаперанае бусляня. // перан. Разм. Які не ведае жыцця, не мае вопыту ў чым‑н. Так непрыкметна неапераны падлетак-птушанё становіцца птушкай. Васілевіч.

неапеты́тны, ‑ая, ‑ае.

Які не ўзбуджае апетыту; нясмачны. Неапетытны абед.