размнажэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. размнажаць — размножыць і размнажацца — размножыцца.
2. Аднаўленне патомства жывёльным або раслінным арганізмам. Бясполае размнажэнне. Палавое размнажэнне. Вегетатыўнае размнажэнне раслін.
размно́жаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад размножыць.
размно́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.
1. Павялічыцца ў колькасці, ліку.
2. Распладзіцца, развесціся (пра жывёльныя і раслінныя арганізмы). За адзінаццаць год усурыйскія яноты размножыліся і разбрыліся далёка ад таго месца .., дзе былі выпушчаны першыя далёкаўсходнія перасяленцы. В. Вольскі.
размно́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.
1. Павялічыць колькасна.
2. Распладзіць, развесці (жывёлу або раслін). Размножыць каштоўную пароду коней.
размо́ва, ‑ы, ж.
1. Слоўны абмен звесткамі, думкамі; гаворка. Лабановіч пачуваўся добра і вольна і ўвесь час вёў размову то з гаспадарамі, то з паненкамі. Колас. Школа, аб піянерах якой пойдзе наша размова, стаіць непадалёку ад паравознага дэпо станцыі Орша. Шыловіч. // толькі мн. (размо́вы, ‑моў). Чуткі, пагалоскі. — Раскажы, Яўхім, урэшце, пра гэты камень падрабязней. Пра яго ходзіць многа размоў. Пестрак. Што б там людзі ні гаварылі і як яго [Касмача] ні абзывалі, а ён рабіў сваю справу. Размовы — не перуны, двор не запаляць. М. Ткачоў.
2. Разм. Мова, гаворка, вымаўленне. Па яго размове я зразумеў, што гэта цыган. Сергіевіч.
размо́клы, ‑ая, ‑ае.
Які размок, разбух, размяк ад вільгаці. [Хлапец] быў абуты ў чорныя, размоклыя на дажджы чаравікі. Пташнікаў. Нават мокрыя крошкі смачна плывуць ад размоклай лусты і самі проста глытаюцца разам з вадой. Брыль.
размо́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. ‑размок, ‑ла; зак.
Набраўшы вільгаці, разбухнуць, размякнуць. У другім [двары] нічога няма, нават печышча даўно размокла. Кулакоўскі. Не было на .. [суку] і Толевай запіскі: ці то сарваў яе хто, ці проста размокла на дажджы і звалілася. Якімовіч.
размо́л, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. размолваць — размалоць.
2. з азначэннем. Спосаб, якасць мліва. Мука простага размолу.
размо́латы, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад размалоць.
размо́лванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. размолваць — размалоць.