размо́ва, ‑ы, ж.
1. Слоўны абмен звесткамі, думкамі; гаворка. Лабановіч пачуваўся добра і вольна і ўвесь час вёў размову то з гаспадарамі, то з паненкамі. Колас. Школа, аб піянерах якой пойдзе наша размова, стаіць непадалёку ад паравознага дэпо станцыі Орша. Шыловіч. // толькі мн. (размо́вы, ‑моў). Чуткі, пагалоскі. — Раскажы, Яўхім, урэшце, пра гэты камень падрабязней. Пра яго ходзіць многа размоў. Пестрак. Што б там людзі ні гаварылі і як яго [Касмача] ні абзывалі, а ён рабіў сваю справу. Размовы — не перуны, двор не запаляць. М. Ткачоў.
2. Разм. Мова, гаворка, вымаўленне. Па яго размове я зразумеў, што гэта цыган. Сергіевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)