Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

несуце́шны, ‑ая, ‑ае.

Такі, якога цяжка або немагчыма суцешыць. Усе плачуць. Асабліва несуцешны [гаспадар]. Лужанін. // Моцны па сіле праяўлення; які не паддаецца суцяшэнню. Несуцешнае гора. □ Досыць, Нёман мой шырокі. Плакала з табой. Больш у мора не пакоціш Несуцешных слёз. Броўка.

несуці́шны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не змаўкае, не спыняе свайго шуму, гулу. І запрашаюць вокны клуба ў несуцішны вулей свой. Гаўрусёў.

2. Які не сціхае; няспынны. Несуцішны дождж. Несуцішны бой. □ Усё глыбей забіраўся паэт у нетры эстэтыкі і.. несуцішных вакол яе спрэчак. Лойка.

3. Такі, якога нельга суцішыць, стрымаць (пра боль).

несуцяша́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць несуцяшальнага.

несуцяша́льны, ‑ая, ‑ае.

Які не прыносіць суцяшэння, заспакаення. Несуцяшальныя весткі. // Які цяжка, нельга суцешыць. Вайна пакінула глыбокія раны, прынесла несуцяшальнае гора. Караткевіч.

несхава́ны, ‑ая, ‑ае.

Які праяўляецца зусім адкрыта; нястоены. — Схітрыў? Так? — ціха, з несхазанай нянавісцю спытаў Віктар. Гамолка. Следчы з несхаванай цікавасцю разглядаў зухаватага лётчыка. Алешка.

не́сці 1, нясу, нясеш, нясе; нясём, несяце; пр. нёс, несла і нясла, несла і нясло; заг. нясі; незак.

1. каго-што. Узяўшы ў рукі, нагрузіўшы на сябе, перамяшчаць, дастаўляць куды‑н. [Людзі] неслі на насілках хворага. Якімовіч. Стары нёс за плячыма маленькі куфэрак. Чорны. // Дастаўляць, адносіць куды‑н. І нясуць, і нясуць транспарцёры На-гара, на-гара сільвініт. Хведаровіч. І нясуць у прасторы раскутыя міжпланетныя караблі Нашы вымпелы пяцікутныя. Бураўкін. // перан. Перадаваць каму‑н.; распаўсюджваць. Несці культуру ў масы. Несці веды народу.

2. каго-што і без дап. Перамяшчаць сілай свайго руху (пра вецер, плынь вады і пад.). Вецер нясе па небе хмары. □ Спакойна і павольна, як у зачарованым сне, утуліўшыся ў балоты, нясе Прыпяць сухадоламу Дняпру сваю багатую даніну. Колас. / у безас. ужыв. З усяго поля дзень і ноч дзерла снег і пясок і несла ў вёску. Пташнікаў. // Імкліва рухацца, імчаць; везці. Лодка ўвечар нас чакала, Несла нас ракою плыннай. Зарыцкі. Коні шпарка неслі па наезджанай саннай дарозе. Быкаў.

3. каго-што (толькі ў 3 ас., пераважна ў пытальных і клічных сказах). Разм. Прымушаць каго‑н. ісці куды‑н.; цягнуць. [Сымон:] — Куды гэта вас бог нясе? Лынькоў. Ажно млосна Саўку стала, Аж яго затрэсла: — А што цябе ў карак гнала? Куды цябе несла? Гілевіч.

4. Дзьмуць, павяваць, месці (пра халоднае паветра, завіруху і пад.). Мяккі снег лятае пухам, І канца яму няма, І нясе сярдзітым духам, Дзікім сіверам зіма. Колас. / у безас. ужыв. Ад акна несла холадам, тут хадзіў вецер, — нехта забыўся зачыніць фортку. Адамчык. // пераважна безас. Перадавацца па паветры, быць адчувальным (пра пах, цяпло і пад.). Пажарышча далёка відаць — на многа вёрст. Нясе гарам. Бядуля.

5. перан.; што. Выконваць якія‑н. даручэнні, абавязкі па службе і пад. Несці вахту. Несці ахову. Несці адказнасць. □ Сваю абходчыцкую службу Птах шануе і нясе спраўна, але не дае маху і на старане. Навуменка.

6. перан.; што. Пакутаваць ад чаго‑н.; мець страты. Несці кару. □ На стыку трох рэспублік Насыпаны курган. Тут біліся без страху І рускі, і латыш. Мы неслі разам страты, Салдаты і браты. Панчанка.

7. што. Прыносіць з сабою як вынік; выклікаць што‑н. Восень нясла смугу і доўгія ночы. Чорны. Хачу, каб славілі мы ўсе Паход, што людзям мір нясе. Куляшоў. Вайна заўсёды боль нясе. Броўка.

8. перан.; што. Разм. Гаварыць што‑н. недарэчнае, бязглуздае.

9. перан.; што. Мець, змяшчаць у сабе. Кожны сённяшні дзень нясе ў сабе крупінку дня ўчарашняга. «Маладосць». // Быць носьбітам чаго‑н. (якіх-н пачуццяў і пад.). Будзе ў сэрцы з веку ў век Несці творчай працы радасць Непакорны чалавек. Глебка.

10. што. Спец. Быць аснашчаным чым‑н. Карабель нясе шэсць гармат.

•••

Несці ахінею — гаварыць, пісаць і г. д. глупства.

Несці крыж — цярпліва пераносіць пакуты, выпрабаванні.

Несці сябе (высока) — трымаць сябе ганарліва. Які ён гога! які дока! Як ён сябе нясе высока! Колас.

Ногі не нясуць гл. нага.

не́сці 2, нясе; пр. несла і нясла; незак., што.

Класці яйцы (пра птушак). — [Куры-афрыканкі] нясуць малюсенькія і вельмі ж моцныя яйкі. Баранавых.

несціска́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць несціскальнага.

несціска́льны, ‑ая, ‑ае.

Які не паддаецца сцісканню. Несціскальная вадкасць.

не́сціся 1, нясуся, нясешся, нясецца; нясёмся, несяцеся; пр. нёсся, неслася і няслася, неслася і няслося; заг. нясіся; незак.

1. Хутка рухацца, імчацца ўперад. Ашалелыя коні несліся наперад. Новікаў. І ўсё кружылася, няслося, як на кароў находзіў зык. Гаўрусёў. Раптам вецер сціх. Усё насцеражылася і прыціхла. Толькі, не спыняючыся, несліся і несліся хмары. Мележ.

2. перан. Распаўсюджвацца (пра гукі, пахі). Ад хат рыбаводаў нёсся звон малаткоў І кос. Чарнышэвіч. З берага няслося моцнае «ура». Лынькоў. // перан. Распаўсюджвацца, станавіцца вядомым (пра чуткі, звесткі і пад.). Неслася з канца ў канец сяла маланкай вестка: — Паехалі рэзаць лес у Дуброву. Выражуць, а тады навозяць і будуць рабіць хату дзеду Ігнату. Васілевіч.

3. Зал. да несці (у 1 знач.).

не́сціся 2, нясецца; пр. неслася і няслася; незак.

Класці яйцы (пра птушак). [Дар’я:] — Цып! цып! цып! Дзе ж .. [куры] падзеліся? Каб часам зноў не пайшлі несціся ў суседаву крапіву! Чарот. Калі давядзецца, то і певень нясецца. Прыказка.

несціха́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць несціханага.