не́сціся 1, нясуся, нясешся, нясецца; нясёмся, несяцеся; пр. нёсся, неслася і няслася, неслася і няслося; заг. нясіся; незак.
1. Хутка рухацца, імчацца ўперад. Ашалелыя коні несліся наперад. Новікаў. І ўсё кружылася, няслося, як на кароў находзіў зык. Гаўрусёў. Раптам вецер сціх. Усё насцеражылася і прыціхла. Толькі, не спыняючыся, несліся і несліся хмары. Мележ.
2. перан. Распаўсюджвацца (пра гукі, пахі). Ад хат рыбаводаў нёсся звон малаткоў І кос. Чарнышэвіч. З берага няслося моцнае «ура». Лынькоў. // перан. Распаўсюджвацца, станавіцца вядомым (пра чуткі, звесткі і пад.). Неслася з канца ў канец сяла маланкай вестка: — Паехалі рэзаць лес у Дуброву. Выражуць, а тады навозяць і будуць рабіць хату дзеду Ігнату. Васілевіч.
3. Зал. да несці (у 1 знач.).
не́сціся 2, нясецца; пр. неслася і няслася; незак.
Класці яйцы (пра птушак). [Дар’я:] — Цып! цып! цып! Дзе ж .. [куры] падзеліся? Каб часам зноў не пайшлі несціся ў суседаву крапіву! Чарот. Калі давядзецца, то і певень нясецца. Прыказка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)