Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

растапі́цца, ‑топіцца; зак.

Стаць вадкім ад нагрэву. Воск растапіўся. Сала растапілася. Смала на сонцы растапілася.

растапі́ць, ‑таплю, ‑топіш, ‑топіць; зак., што.

Нагрэўшы, прымусіць растапіцца. Растапіць воск. □ Прыгрэе цёплае сонца, растопіць гурбы снегу. Гартны. Дождж растапіў снег, і цяпер на лёдзе стаяла падсінелая спадыспаду вада. Асіпенка. // перан. Прымусіць знікнуць, рассеяцца (пра што‑н. непрыемнае). [Маша] ўсміхнулася, але ўсмешка не растапіла халоднага неразумення і не зварухнула застылыя рысы твару. Шамякін. Крыўду на лёс і на жыццё .. [бацька] панёс ад нас назаўсёды, крыўду, якую мы, яго дзеці, павінны былі растапіць сваімі клопатамі і ўвагай. Дамашэвіч.

растапля́цца, ‑яецца; незак.

1. Незак. да растапіцца.

2. Зал. да растапляць.

растапля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да растапіць.

растапта́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад растаптаць.

2. у знач. прым. Які разнасіўся, стаў прасторным ад працяглай носкі (пра абутак). [Дзяўчына] была ў старых, растаптаных і незашнураваных туфлях на босую нагу. Чорны. Намёрз[л]ыя за дзень растаптаныя лапці растаюць, з іх нацякае невялікая лужынка. Лужанін.

растапта́цца, ‑топчацца; зак.

Разм. Страціць форму, стаць залішне прасторным у выніку працяглай носкі; разнасіцца (пра абутак). [Соф’я Сідараўна:] — Сукенка твая ўжо нікуды не варта. Ды і чаравікі растапталіся. Парахневіч.

растапта́ць, ‑тапчу, ‑топчаш, ‑топча; зак., каго-што.

1. Топчучы або наступіўшы, расціснуць. — Грыб вунь растаптала, — з жалем сказаў Андрэй і паказаў на збіты нагой чорны баравічок. Скрыпка. Лёня кінуў так і не дакураны бычок, растаптаў яго, плюнуў і моўчкі ўзяў з рук Хоміча павады. Брыль. // перан. Зняважыць чые‑н. пачуцці, унізіць чыю‑н. годнасць. [Сяргей:] — Вы растапталі маю веру ў чалавечую шчырасць! А я лічыў вас сапраўднымі людзьмі... Шамякін.

2. Разм. Доўга носячы, зрабіць залішне прасторным, разнасіць (абутак). Растаптаць туфлі.

растапы́раны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад растапырыць.

2. у знач. прым. Рассунуты, расстаўлены ў розныя бакі, распасцёрты ўшыркі. Сядзеў за сталом [Хлор] усё такі ж набычаны, рукі з чорнымі растапыранымі пальцамі трымаў перад сабой. Мележ. Іголкі на.. [соснах] былі дробныя, растапыраныя; жаўцелі і церушыліся на мох. Пташнікаў.

растапы́рванне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. растапырвацца — растапырыцца і растапырваць — растапырыць.

растапы́рвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да растапырыцца.

2. Зал. да растапырваць.