Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рассяля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да рассяліць.

рассячы́ і рассе́кчы, ‑сяку, ‑сячэш, ‑сячэ; ‑сячом, ‑сечаце, ‑сякуць; пр. рассек, ‑ла; зак., каго-што.

1. Разбіць, раздзяліць на часткі, кавалкі ўдарам вострага прадмета. Рассячы калоду. Рассячы костку. □ Сякера яе глыбока сядзела ў сукаватым яловым палене, якое .. [цётка], відаць, марна старалася рассекчы папалам. Быкаў. // перан. Быстрым рухам, узмахам як бы разрэзаць, раздзяліць (паветра, ваду). — Аб чым гаворка, збяром дошак, — рассек рукою паветра дзед з шырокаю барадою. Гурскі. // перан. Рэзка прагучаўшы або засвяціўшы, парушыць цішыню, рассеяць змрок і пад.; разарваць. Раптам мірную цішыню лесу рассеклі кароткія стрэлы. Шамякін. Зарніца рассекла цемру, і ў палахліва-яркім святле Майка ўбачыла, як аднекуль, з зарыва, падаў проста на яе чалавек з распасцёртымі рукамі. Караткевіч.

2. Нанесці глыбокую рану, парэз чым‑н. вострым. — Чаму ты тупіцаю колеш? — Бо тата не дае вострае сякеры. Кажа, што я яшчэ калена рассяку сабе. Чорны.

3. Прайсці па паверхні чаго‑н., падзяліўшы на часткі. Граніца, якая рассекла Беларусь на дзве часткі пасля Рыжскага дагавору, стала на шляху [дадому] неадольнай перашкодай. Данілевіч. // Прарваўшы, раздзяліць (войска, фронт, армію праціўніка).

•••

Рассячы гордзіеў вузел — смела, рашуча вырашыць якія‑н. цяжкасці, супярэчнасці.

рассячы́ся і рассе́кчыся, ‑сячэцца; ‑сякуцца; пр. рассекся, ‑лася; зак.

Раздзяліцца на часткі. Палена лёгка рассеклася.

рассячэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. рассячы, рассекчы.

растава́нне, ‑я, н.

Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. раставаць — растаць.

растава́ць, ‑таю, ‑таеш, ‑тае.

Незак. да растаць.

•••

У роце растае — пра што‑н. вельмі смачнае.

расталкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.

Зрабіць зразумелым; растлумачыць. Слова рэвалюцыя абавязкова было звязана са словам зямля. — То як жа зямля ўсё-такі: будзе мужыку, ці не? .. — Нам пра зямлю расталкуйце. Чыя зямля будзе? Скрыган. Маці тут усё мне расталкуе. Агарод да каліўца пакажа. Кляўко.

раста́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які падтаў, растаў пад уздзеяннем цяпла. Доўга хадзілі рудабельцы па пуцях, хлюпаючы па расталым снезе. Грахоўскі.

2. Які ўтварыўся ад раставання. Было гэта ранняй вясной, калі снег размяк і вакол журчалі мутныя і імклівыя ручаіны расталай вады. Няхай.

растаме́р, ‑а, м.

Прыбор для вымярэння росту чалавека.

растанцава́цца, ‑цуюся, ‑цуешся, ‑чуецца; зак.

Разм. Пачаўшы танцаваць, захапіцца танцам (танцамі).