рассячы́ і рассе́кчы, ‑сяку, ‑сячэш, ‑сячэ; ‑сячом, ‑сечаце, ‑сякуць; пр. рассек, ‑ла; зак., каго-што.
1. Разбіць, раздзяліць на часткі, кавалкі ўдарам вострага прадмета. Рассячы калоду. Рассячы костку. □ Сякера яе глыбока сядзела ў сукаватым яловым палене, якое .. [цётка], відаць, марна старалася рассекчы папалам. Быкаў. // перан. Быстрым рухам, узмахам як бы разрэзаць, раздзяліць (паветра, ваду). — Аб чым гаворка, збяром дошак, — рассек рукою паветра дзед з шырокаю барадою. Гурскі. // перан. Рэзка прагучаўшы або засвяціўшы, парушыць цішыню, рассеяць змрок і пад.; разарваць. Раптам мірную цішыню лесу рассеклі кароткія стрэлы. Шамякін. Зарніца рассекла цемру, і ў палахліва-яркім святле Майка ўбачыла, як аднекуль, з зарыва, падаў проста на яе чалавек з распасцёртымі рукамі. Караткевіч.
2. Нанесці глыбокую рану, парэз чым‑н. вострым. — Чаму ты тупіцаю колеш? — Бо тата не дае вострае сякеры. Кажа, што я яшчэ калена рассяку сабе. Чорны.
3. Прайсці па паверхні чаго‑н., падзяліўшы на часткі. Граніца, якая рассекла Беларусь на дзве часткі пасля Рыжскага дагавору, стала на шляху [дадому] неадольнай перашкодай. Данілевіч. // Прарваўшы, раздзяліць (войска, фронт, армію праціўніка).
•••
Рассячы гордзіеў вузел — смела, рашуча вырашыць якія‑н. цяжкасці, супярэчнасці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)