пераклі́к, ‑у, м.
Разм. Дзеянне паводле дзеясл. пераклікацца (у 1, 2 знач.), а таксама гукі гэтага дзеяння. Цёплы жнівеньскі вечар з жытнімі пахамі, з далёкімі пераклікамі начных птушак апускаўся на Пруцікі... Кулакоўскі.
перакліка́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. пераклікацца — пераклікнуцца, а таксама гукі гэтага дзеяння.
перакліка́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Абменьвацца гучнымі воклічамі, крыкамі, словамі. Жанчыны і на лодках, і на беразе звонка пераклікаюцца на бойкім палескім дыялекце. В. Вольскі. / Пра птушак і жывёл. Злыя хутарскія сабакі пераклікаліся заядлым брэхам, жудасным і трывожным. Колас. Недзе ў гушчары нягучна пераклікаліся зязюлі. Ваданосаў.
2. Папераменна гучаць. Цішыня. Толькі сярпы пераклікаюцца: ж-жык! ж-жык! Мележ. Задорна пераклікаліся гудкі паравозаў на вакзале, на таварнай станцыі. Лынькоў. Над .. рэдкімі агнямі горада ізноў пераклікаюцца гудкі заводаў. Брыль.
3. перан. Мець падабенства, збліжацца сваімі прыкметамі з чым‑н. Аднак у мастацкім асэнсаванні тэмы працы Купала стаіць бліжэй да Някрасава і Багушэвіча, чым да Кальцова, і пераклікаецца з Горкім. Івашын. З трапяткое, засмучанасцю гэтых колішніх радкоў маладога Паўлюка Труса пераклікаецца сёння ўзмужнелая ліра М. Лужаніна. Лойка.
перакліка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго і без дап.
Рабіць пераклічку (у 1 знач.).
пераклі́кнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца.
Зак. да пераклікацца (у 1, 2 знач.).
пераклінава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пераклінаваць.
пераклінава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., што.
Выбіўшы клін, заклінаваць што‑н. нанава, іначай, больш надзейна.
перакліно́ўвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да перакліноўваць.
перакліно́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да пераклінаваць.
пераклі́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
1. Выклік па прозвішчах, імёнах для праверкі прысутнасці пэўных асоб. [Настаўніца] зрабіла пераклічку вучняў па спісу. Якімовіч. — Комлік! — як на пераклічцы, выгукнуў Кашын. Карпаў.
2. Дзеянне паводле дзеясл. пераклікацца (у 1, 2 знач.), а таксама гукі гэтага дзеяння. [Цішыня] парушаецца іншы раз лёгкім усплёскам вясла, спевамі птушак, пераклічкай рыбакоў. «Звязда». На двары хрыпла.. заспяваў певень. Яму адказаў другі, трэці. І пайшла па вёсцы звонкая пераклічка. Курто. Кожны чуў у ранішняй пераклічцы гудкоў магутны гул суладнай чалавечай працы. Лынькоў.
3. Падабенства, унутраная сувязь, агульныя рысы, прыкметы ў чым‑н. Ідэйна-тэматычная і нават вобразная пераклічка Янкі Купалы і Якуба Коласа з Максімам Горкім прыкметна ў многіх творах беларускіх класікаў. Ларчанка.