пераклі́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Выклік па прозвішчах, імёнах для праверкі прысутнасці пэўных асоб. [Настаўніца] зрабіла пераклічку вучняў па спісу. Якімовіч. — Комлік! — як на пераклічцы, выгукнуў Кашын. Карпаў.

2. Дзеянне паводле дзеясл. пераклікацца (у 1, 2 знач.), а таксама гукі гэтага дзеяння. [Цішыня] парушаецца іншы раз лёгкім усплёскам вясла, спевамі птушак, пераклічкай рыбакоў. «Звязда». На двары хрыпла.. заспяваў певень. Яму адказаў другі, трэці. І пайшла па вёсцы звонкая пераклічка. Курто. Кожны чуў у ранішняй пераклічцы гудкоў магутны гул суладнай чалавечай працы. Лынькоў.

3. Падабенства, унутраная сувязь, агульныя рысы, прыкметы ў чым‑н. Ідэйна-тэматычная і нават вобразная пераклічка Янкі Купалы і Якуба Коласа з Максімам Горкім прыкметна ў многіх творах беларускіх класікаў. Ларчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)