Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сувыме́рны, ‑ая, ‑ае.

Такі, які можна змераць аднолькавай з чым‑н. мерай. Сувымерныя велічыні. // перан. Такі, які можна параўнаць з чым‑н. Сувымерныя паняцці.

сувымяра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да сувымераць.

сувымярэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. сувымяраць — сувымераць.

сувязі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Работнік сувязі (у 6 знач.).

сувязі́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да сувязіст.

су́вязны 1, ‑ая, ‑ае.

Які звязвае, аб’ядноўвае што‑н. Сувязнае звяно.

сувязны́ 2, ‑ая, ‑ое.

Які наладжвае, падтрымлівае сувязь з суседнімі воінскімі часцямі. Сувязны самалёт. Сувязны афіцэр. // у знач. наз. сувязны́, о́га, м.; сувязна́я, о́й, ж. Там [на ўскраіне горада] выявілася, што няма групы Карпілава. А каля могілак яшчэ не сціхаў бой. Камандзір паслаў сувязнога. Грахоўскі. Шкада .. [Машы] стала ног, нібы яны — самае галоўнае, што спатрэбіцца ёй у рабоце разведчыцы. Ногі патрэбны мне, сувязной. Шамякін.

су́вязь, ‑і, ж.

1. Узаемныя адносіны паміж кім‑, чым‑н. Сувязь прамысловасць і сельскай гаспадаркі. Гандлёвыя сувязі. Сувязь навукі з вытворчасцю. Сувязь тэорыі і практыкі. // Узаемная залежнасць, абумоўленасць. Прычынная сувязь. Лагічная сувязь. // Стройнасць, паслядоўнасць, лагічнасць (у расказе, перадачы, выступленні і пад.). Думкі ўсплывалі нечакана, без пэўнай сувязі. Карпаў.

2. Блізкасць з кім‑н. па сваіх поглядах, ідэях, імкненнях і пад.; унутранае адзінства з кім‑н. [Ладынін:] — І сіла твая [Максім], як і сіла ўсёй нашай партыі, у сувязі з людзьмі, з народам. Шамякін. Купала-перакладчык выступіў як грамадскі і палітычны дзеяч, перш за ўсё сцвярджаючы непарушнасць гістарычных сувязей, брацтва і дружбы беларускага народа з вялікім рускім і ўкраінскім народамі. Палітыка.

3. Сяброўскія, дзелавыя адносіны з кім‑, чым‑н. Падтрымліваць сувязь з аднакласнікамі. Умацоўваць міжнародныя сувязі. □ Пісьмы працоўных з’яўляюцца адной з важных форм умацавання і расшырэння сувязі партыі з народам. «Звязда». «Мужыцкая праўда» назаўсёды астанецца яскравым, жывым прыкладам беларуска-руска-літоўска-польскіх рэвалюцыйных сувязей. Г. Кісялёў. // Любоўныя адносіны. [Валя:] — Памятаеш, я табе пісала пра сардэчныя сувязі. Чорны. // толькі мн. (су́вязі, ‑ей). Блізкае знаёмства з кім‑н., якое забяспечвае падтрымку ў чым‑н. «Дудка беларуская» з’явілася ў друку пры дапамозе і садзеянні вядомага польскага вучонага Яна Карловіча, які прыхільна ставіўся да творчай працы беларускага паэта і меў шырокія сувязі ў выдавецкім свеце. С. Александровіч.

4. Зносіны з кім‑, чым‑н., магчымасці такіх зносін з кім‑, чым‑н. Са сваімі мы [савецкія салдаты] трымалі сувязь толькі па радыё і самалётамі. Няхай. Атрад [партызан] .. наладзіў цесную сувязь з Масквой. Брыль. Дакладна ніхто нічога не ведаў. Сувязь з падпольшчыкамі парвалася. Асіпенка.

5. Сродкі, пры дапамозе якіх ажыццяўляецца прыём і перадача інфармацыі. Тэлеграфная сувязь. Дыспетчарская сувязь. Тэлефонная сувязь.

6. Сукупнасць устаноў, якія забяспечваюць тэхнічнымі сродкамі зносіны на адлегласць (пошта, тэлеграф, тэлефон, радыё). Работнікі сувязі. Паштовае аддзяленне сувязі. // Служба, якая забяспечвае зносіны паміж воінскімі падраздзяленнямі (тэлефон, радыё, пасыльныя).

•••

Жывая сувязь — а) сувязь, якая ажыццяўляецца людзьмі; б) сувязь цесная, непасрэдная, пастаянная.

У гэтай сувязі — звязваючы з раней сказаным.

У сувязі з чым — з прычыны чаго‑н. Праўда, такія шчаслівыя паходы выдаваліся ў .. [Ваўковіча] не вельмі часта... І ў сувязі з гэтым трэба крыху вярнуцца і расказаць пра яго «доктарскае аблічча». Васілевіч.

сугестало́гія, ‑і, ж.

Навука, якая вывучае розныя спосабы стымулявання скрытых магчымасцей мазгавой дзейнасці чалавека.

сугесты́ўнасць, ‑і, ж.

Актыўнае ўздзеянне на ўяўленне, эмоцыі, падсвядомасць чытача пры дапамозе аддаленых тэматычных, вобразных, рытмічных, гукавых асацыяцый.

сугесты́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сугестыі.