се́кста, ‑ы, ДМ ‑сце, ж.
Шостая ступень ад дадзенай у дыятанічнай гаме. // Інтэрвал між дадзенай ступенню і шостай ад яе ў дыятанічнай гаме. Амаль палова запісаў зборніка па дыяпазону мелодыі не перавышае сексты, але аўтар дае ўзоры і больш складаных песень. «Полымя».
[Ад лац. sexta — шостая.]
секстако́рд, ‑а, М ‑дзе, м.
Спец. Акорд з трох гукаў, які ўключае інтэрвалы, тэрцыі і сексты.
[Ад лац. sextus — шосты і іт. accordo — акорд.]
секста́нт, ‑а, М ‑нце і секста́н, ‑а, м.
Спец. Вугламерны інструмент, які выкарыстоўваецца ў мараходстве і авіяцыі.
[Ад лац. sextans, sextantis.]
секстыльён, ‑а, м.
Лік, які складаецца з адзінкі з дваццаццю адным нулём.
[Фр. sextillon.]
секстэ́т, ‑а, М ‑тэце, м.
1. Музычны твор для шасці інструментаў або шасці галасоў з самастойнай партыяй для кожнага. Секстэт Брамса.
2. Ансамбль з шасці выканаўцаў (спевакоў або музыкантаў). Секстэт домр. Духавы секстэт.
[Ням. Sextett ад лац. sextus — шосты.]
сексуалі́зм, ‑у, м.
Павышаная палавая пачуццёвасць.
[Ад лац. sexualis — палавы.]
сексуа́льнасць, ‑і, ж.
Сукупнасць псіхічных рэакцый, перажыванняў і ўчынкаў, звязаных з праяўленнем і задавальненнем палавых пачуццяў.
сексуа́льны, ‑ая, ‑ае.
Звязаны з палавымі адносінамі; палавы. Аўтары.. [японскай] парнаграфічнай стужкі паказалі шэраг агідных па сваёй бессаромнасці сексуальных сцэн. «Маладосць».
сексці́на, ‑ы, ж.
Спец. Від шасцірадковага верша, у якім чатыры радкі з перакрыжаванай рыфмоўкай і двухрадкоўе з сумежнай рыфмоўкай. Эй, з-за лесу ды з-за гор Сонца выплывае. Зашумі ты, цёмны бор, Пушча векавая. Пойдзем, пойдзем ваяваць, Долю, волю здабываць. Колас.
[З лац. sex — шэсць.]
се́кта, ‑ы, М ‑кце, ж.
1. Рэлігійная абшчына, якая адкалолася ад пануючай царквы. Летась ён пасватаўся да нашай Мацяні, але тая адмовіла, і адмовіла толькі па той прычыне, што Шумейка нейкі час быццам быў звязаны з нейкай баптысцкай сектаю і заве іх «прайдзісветамі з вялікай дарогі». Савіцкі.
2. перан. Наогул усякая адасобленая група людзей. Усе заклінальнікі змей у Марока — берберы, якія належаць да асобнай секты ці брацтва заклінальнікаў. В. Вольскі.
[Ад лац. secta — вучэнне, напрамак, школа.]