рагавы́ 1, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да рога 1 (у 1 знач.). Рагавыя адросткі. Рагавое рэчыва. // Зроблены з рога 1 (у 1 знач.). Рагавыя акуляры. □ Асобны параграф.. [Шчакаціхін] прысвячае арнаментыцы неалітычнай эпохі, якая знайшла выяўленне на рагавых і каменных сякерах. Ліс. // Які складаецца з таго самага рэчыва, што і рог 1 (у 1 знач.). Рагавы кіпцюр. Рагавое покрыва.
•••
Рагавая абалонка — тое, што і рагавіца.
рагавы́ 2, ‑ая, ‑ое.
Які знаходзіцца на рагу, вуглавы. Турэмная стража пад моцным канвоем павяла.. [Нявіднага] ў адзіночную камеру, што змяшчалася ў ніжнім этажы рагавой турэмнай вежы. Колас.
рагазу́б, ‑а, м.
Вялікая аўстралійская прэснаводная рыба падкласа дваякадыхаючых.
рага́лік, ‑а, м.
Маленькая булачка ў выглядзе рога.
рагалі́снік, ‑у, м.
Вадзяная расліна сямейства рагаліснікавых з дробнымі адзіночнымі кветкамі, без каранёў.
рагалі́снікавыя, ‑ых.
Сямейства вадзяных двухдольных травяністых раслін.
рагано́сец, ‑носца, м.
Разм. Муж, якому здраджвае жонка.
рагата́нне, ‑я, н.
1. Тое, што і рогат.
2. Абл. Іржанне (пра коней). Крыкі гандляроў, смех гуляючых, рагатанне коней, рык гавяды, піск свіней — усё злівалася ў адну шумную басавую ноту. Гартны.
рагата́ць, ‑гачу, ‑гочаш, ‑гоча; заг. рагачы; незак.
1. Гучна, нястрымана смяяцца. — Га-га-га! — не ў сілах стрымацца ад смеху, рагатаў на ўвесь голас Ціт Сямёнавіч Дрозд. Краўчанка. Тата казытаўся вусамі і рагатаў, падкідаючы Даніна на руках... Брыль.
2. Абл. Іржаць (пра коней). А ў хляве рагоча конік, мой пястун! Гурло.
рага́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Прыстасаванне для перагароджвання доступу куды‑н. у выглядзе некалькіх накрыж збітых калоў, прымацаваных да доўгага бруса. [Людзі] усхапіліся з зямлі, падмялі пад сябе вартавых, .. раскідалі калючыя рагаткі і ў адзін момант зніклі ў густым хмызняку. Лынькоў. // перан.; звычайна мн. (рага́ткі, ‑так). Перашкода, замінка. Рагаткі царскай цэнзуры. Бюракратычныя рагаткі.
2. Рагулька з прывязанай да абодвух яе канцоў гумкай для кідання. Страляць з рагаткі. □ У .. [Кастуся] рагатка ёсць, зручная такая, з жоўтай гумы... Рылько.
3. Палка з развілінай для падтрымання якіх‑н. прадметаў. Падбеглі [мужчыны] бліжэй, убачылі .. кацёл, падвешаны на дзвюх нізкіх рагатках. Кулакоўскі.
4. Уст. Жалезны нашыйнік з доўгімі вастрыямі ўнутры, які надзявалі на шыю каму‑н. як пакаранне за правіннасць.
рагатну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Аднакр. да рагатаць (у 1 знач.).