Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

несупастаўля́льны, ‑ая, ‑ае.

Які не супастаўляецца з чым‑н., які нельга супаставіць з чым‑н. Несупастаўляльныя вобразы.

несупы́ннасць, ‑і, ж.

Уласцівасць несупыннага.

несупы́нны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і няспынны. [Міхась].. выходзіў на вуліцу, у несупынную людскую плынь. Шахавец. На жаралістых камлях .. дубоў адбіла свае пячаці несупынная плынь часаў. Колас.

несуразме́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць несуразмернага; адсутнасць суразмернасці.

несуразме́рны, ‑ая, ‑ае.

Які пазбаўлены суразмернасці, прапарцыянальнасці. Здраднік задраў невялікі прамы нос, горда ўзняў сваю маленькую, несуразмерную росту, круглую, як качан капусты, галаву, прычасаў рэшткі цёмна-русых валасоў. Гурскі.

несур’ёзнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць несур’ёзнага. Несур’ёзнасць прапановы.

2. Адсутнасць сур’ёзных адносін да навакольнага. [Соня] была ўсё такой жа, вясёлай і шумнай, поўная бесклапотнага смеху і трошкі, магчыма, той несур’ёзнасці, якая звычайна не бярэцца ў разлік па маладосці год. Ракітны.

несур’ёзны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, якому не ўласціва сур’ёзнасць, сур’ёзныя адносіны да жыцця; легкадумны. [Дзіміна] здавалася Максіму Сцяпанавічу несур’ёзнай, ветранай. Карпаў. Смірноў даволі скептычна ставіўся да розных прапаноў. Часам іх аўтараў лічыў несур’ёзнымі людзьмі, якія ўзнімаюць шуміху. Сапрыка. // Які не выяўляе сур’ёзнасці, легкадумны. Несур’ёзныя адносіны да працы.

2. Які не мае сур’ёзнага значэння; нязначны. Несур’ёзная справа. Несур’ёзныя заўвагі.

несусве́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які здзіўляе сваёй недарэчнасцю, бязглуздзіцай. Вера са страхам пазірала за Любкай, адчуваючы, што тая нагаворыць несусветнага глупства. Лынькоў. Несусветная мешаніна цытат, лозунгаў, фраз, чутых ад лектараў і дакладчыкаў, запаўняла Верыну галаву. Асіпенка.

2. Вельмі моцны ў сваім праяўленні, незвычайны. Несусветная гарачыня. □ Марына Паўлаўна стала ў парозе, ашаломленая несусветным Галілеевым гармідарам. Зарэцкі.

несусве́ціца, ‑ы, ж.

Разм.

1. Што‑н. недарэчнае, бязглуздае, незразумелае. Ліберман спяшаецца апраўдацца, нагаварыць на свайго супастата ўсялякай несусвеціцы, хвалюецца. Кандрусевіч.

2. Нешта вельмі моцнае, незвычайнае ў сваім выяўленні; немаведама што. На шашы рабілася несусвеціца. Усю дарогу зацягнула дымам. Лынькоў.

несуце́шнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць несуцешнага. Несуцешнасць гора.