незнаёмка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.
Жан. да незнаёмец.
незнаёмы, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, якога не ведаюць, з якім не сустракаліся раней; невядомы. Дзед Талаш і Мартын маўчаць, не спускаюць з вока незнаёмага чалавека. Колас. Спускацца паблізу на парашуце таксама нельга было.. Давялося выскачыць далекавата ад пляцоўкі над незнаёмымі зараснікамі. Кулакоўскі.
2. Неўласцівы для каго‑н.; чужы. — Калі ты завяла .. [жонку ў бальніцу]? Раніцою ж нічога не было, — сказаў ён незнаёмым самому сабе голасам. Арабей. І вуліца, і людзі, і сонца здаваліся [цётцы Эміліі] новымі, незнаёмымі. Маўр.
3. Які не зведаў, не зазнаў чаго‑н. Светлыя хмаркі — дзеткі прастору — Ціха па небе плывуць, Ім незнаёмы слёзы і гора, Смутак і жаль іх не рвуць. Колас.
4. Які не належыць да ліку знаёмых каго‑н. [Памешчык:] — Ты хто, нешта цябе я не памятаю? — Я таксама з табой незнаёмы... не даводзілася сустракацца... — працадзіў дзед скрозь зубы. Лынькоў.
5. у знач. наз. незнаёмы, ‑ага, м.; незнаёмая, ‑ай, ж. Той (тая), каго не ведаюць, хто не належыць да ліку знаёмых; чужы чалавек. Дзед Аляксей, запытаўшыся «хто там», прапусціў незнаёмага ў кухню. Паслядовіч. — Незнаёмых, сынок, начаваць не пускай. — А як раптам хто свой? — Свой? А ты адгадай, Свой, ці не? Куляшоў.
незнаро́к, прысл.
Выпадкова, ненаўмысна; ненарокам. Ратуючыся з-пад машыны... [заяц] скокнуў, не гледзячы куды, і незнарок апынуўся па-за межамі светлай паласы. В. Вольскі. Маці збіралася даіць карову, незнарок бразнула вядром. Жычка.
незнахо́длівы, ‑ая, ‑ае.
Які не ўмее лёгка і хутка выходзіць з цяжкага становішча; нездагадлівы.
незразуме́ла,
1. Прысл. да незразумелы.
2. безас. у знач. вык. Аб немагчымасці для каго‑н. зразумець што‑н. Для.. [Лабановіча] было незразумела, як.. [пані падлоўчая] так пакорна, без усякага змагання, пагадзілася са сваёю доляю і не мае сілы скінуць з сябе гэты крыж жыцця. Колас.
незразуме́ласць, ‑і, ж.
Уласцівасць незразумелага. Незразумеласць тэксту. □ [Тварыцкі] доўга глядзеў на абрысы хмары над лесам. «А чаму Седаса біць трэба было?» Тут усё патанула ў цемень незразумеласці. Чорны.
незразуме́лы, ‑ая, ‑ае.
Такі, які цяжка, немагчыма зразумець. Незразумелае пытанне. Незразумелая мова. □ Я прагна прыслухоўваўся да гутарак, да незразумелых мне слоў. Бядуля. Уперадзе коннікаў ціха пасоўваўся вялізны аўтобус. Яшчэ не выцвіў лак на ім, не пасц[іра]ліся незразумелыя жоўтыя літары і знакі. Лынькоў. // Такі, які цяжка дакладна вызначыць, ахарактарызаваць; загадкавы, дзіўны. Лемяшэвіч падымаўся па лесвіцы з нейкім незразумелым хваляваннем. Шамякін. Я ўсё часцей лаўлю ў цішы Даўно забытай песні водгук, Што сее дзесь на дне душы Незразумелую трывогу. Гілевіч.
незычлі́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць незычлівага; незычлівыя, непрыязныя адносіны да каго‑, чаго‑н.
незычлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Які не зычыць дабра людзям, праяўляе непрыязнасць, непрыхільнасць да каго‑, чаго‑н. Незычлівая крытыка.
незямны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які знаходзіцца па-за межамі Зямлі 1 (у 1 знач.).
2. перан. Узвышаны, незвычайны; ідэальны. Дзяўчына здавалася яму нечым незямным: заходзіла яна ў клас — і для юнака ўзыходзіла сонца, набліжалася яна — і ён стойваў дыханне, быццам гэта магло абразіць яе. Шамякін.