незнаёмы, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, якога не ведаюць, з якім не сустракаліся раней; невядомы. Дзед Талаш і Мартын маўчаць, не спускаюць з вока незнаёмага чалавека. Колас. Спускацца паблізу на парашуце таксама нельга было.. Давялося выскачыць далекавата ад пляцоўкі над незнаёмымі зараснікамі. Кулакоўскі.
2. Неўласцівы для каго‑н.; чужы. — Калі ты завяла .. [жонку ў бальніцу]? Раніцою ж нічога не было, — сказаў ён незнаёмым самому сабе голасам. Арабей. І вуліца, і людзі, і сонца здаваліся [цётцы Эміліі] новымі, незнаёмымі. Маўр.
3. Які не зведаў, не зазнаў чаго‑н. Светлыя хмаркі — дзеткі прастору — Ціха па небе плывуць, Ім незнаёмы слёзы і гора, Смутак і жаль іх не рвуць. Колас.
4. Які не належыць да ліку знаёмых каго‑н. [Памешчык:] — Ты хто, нешта цябе я не памятаю? — Я таксама з табой незнаёмы... не даводзілася сустракацца... — працадзіў дзед скрозь зубы. Лынькоў.
5. у знач. наз. незнаёмы, ‑ага, м.; незнаёмая, ‑ай, ж. Той (тая), каго не ведаюць, хто не належыць да ліку знаёмых; чужы чалавек. Дзед Аляксей, запытаўшыся «хто там», прапусціў незнаёмага ў кухню. Паслядовіч. — Незнаёмых, сынок, начаваць не пускай. — А як раптам хто свой? — Свой? А ты адгадай, Свой, ці не? Куляшоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)