Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

даро́бка гл. дарабіць.

даро́га, -і, ДМо́зе, мн. -і, -ро́г, ж.

1. Паласа зямлі, прызначаная для язды і хадзьбы, якая злучае асобныя пункты мясцовасці, а таксама ўсякі камунікацыйны шлях.

Марская д.

Прасёлачная д.

Грунтавая д.

Асфальтавая д.

2. Адлегласць, якую трэба праехаць або прайсці.

Прайсці палавіну дарогі.

3. Месца для праходу, праезду, а таксама доступ куды-н.

Даць дарогу каму-н. (таксама перан.: даць магчымасць расці, развівацца каму-н.). Д. да сэрца (перан.).

4. Знаходжанне ў дарозе, падарожжа.

Усю дарогу праспаў.

5. перан. Накіраванасць, напрамак дзейнасці.

Ісці сваёй дарогай.

6. у знач. прысл. даро́гай. У час язды.

Пагутарым дарогай.

Апошняя дарога — пра смерць, пахаванне каго-н.

Бітая дарога — уезджаная дарога.

Збіцца з дарогі — пачаць весці заганны спосаб жыцця.

Ісці прамой дарогай — жыць сумленным жыццём.

Шчаслівай дарогі! — добрае пажаданне ў дарогу.

|| памянш.-ласк. даро́жка, -і, ДМ -жцы, мн. -і, -жак, ж. (да 1 знач.), даро́жачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж. (да 1 знач.) і даро́жанька, -і, ДМ -ньцы, мн. -і, -нек, ж. (да 1 знач.).

|| прым. даро́жны, -ая, -ае (да 1 і 4 знач.).

Дарожнае будаўніцтва.

Дарожнае знаёмства.

Дарожныя нататкі.

даро́давы, -ая, -ае.

Перыяд, які працягваецца да пачатку родаў.

даро́жка, -і, ДМ -жцы, мн. -і, -жак, ж.

1. гл. дарога.

Лясная д.

2. Прызначаная для хадзьбы вузкая дарога ў садах, парках і пад.

Пасыпаць дарожкі пяском.

3. У спартыўных збудаваннях, на аэрадромах: спецыяльна абсталяваная дыстанцыя (для бегу, плавання, узлёту).

Бегавая д.

Водная д.

Узлётная д.

4. Вузкі доўгі дыван, а таксама вузкі доўгі абрус.

Паслаць дывановую дарожку.

Карункавая д.

5. Рыбалоўная прылада ў выглядзе доўгага шнура з кручком і прынадай на канцы.

Злавіў шчупака на дарожку.

даро́жнік, -а, мн. -і, -аў, м.

Спецыяліст па будаўніцтве, рамонце і эксплуатацыі дарог.

|| ж. даро́жніца, -ы, мн. -ы, -ніц.

даро́слы, -ая, -ае.

1. Які выйшаў з дзіцячага ўзросту, набыў сталасць.

Д. юнак.

2. у знач. наз. даро́слы, -ага, м., даро́слая, -ай, ж., мн. -ыя, -ых. Чалавек, які дасягнуў поўнай сталасці па гадах, паводзінах, дзеяннях.

Дарослыя вялі гутарку на прызбе.

|| наз. даро́сласць, -і, ж. (да 1 знач.).

даро́ўны, -ая, -ае.

1. Падораны кім-н., атрыманы ў падарунак.

Д. сервіз.

2. Які пацвярджае падарунак.

Д. надпіс.

3. у знач. наз. даро́ўная, -ай, мн. -ыя, -ых, ж. Дакумент, які замацоўвае падараваную маёмасць за тым, хто атрымаў яе (спец.).

дару́нак, -нка, мн. -нкі, -нкаў, м. (разм.).

Тое, што і дар (у 1 знач.).

Дарункі данайцаў — падарункі, якія нясуць небяспеку і гібель.

даручы́ць, -ручу́, -ру́чыш, -ру́чыць; -ру́чаны; зак., каму каго-што.

1. Ускласці на каго-н. абавязак выканаць што-н.

Д. яму праверыць работу.

2. Даверыць каго-, што-н. чыім-н. клопатам, апецы.

Нагляд за дзецьмі даручылі вопытнай няньцы.

|| незак. даруча́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

даручэ́нец, -нца, мн. -нцы, -нцаў, м.

Службовая асоба, што знаходзіцца пры кіраўніку і выконвае службовыя даручэнні.