Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

бортрады́ст, -а, М -сце, мн. -ы, -аў, м.

Член лётнага экіпажа (самалёта, верталёта і пад.), які падтрымлівае сувязь з зямлёй і адказвае за стан радыёапаратуры.

борць, -і, мн. -і, -ей, ж. (уст.).

Вулей у выглядзе выдзеўбанай калоды або дупло ў дрэве, дзе жывуць пчолы.

|| прым. бо́рцевы, -ая, -ае.

боршч, баршчу́, м.

Вадкая страва, прыгатаваная з буракоў і іншай агародніны.

Апетытны б.

|| ласк. баршчо́к, -шчку́, м. і бо́ршчык, -у, м.

Добры баршчок, ды малы гаршчок (з нар.). Хлопчыку — раз хлеба, два разы боршчыку (з нар.).

|| прым. баршчо́вы, -ая, -ае.

бо́сы, -ая, -ае.

Неабуты, з голымі нагамі.

Босае дзіця.

бот, -а, М бо́це, мн. бо́ты, -аў, м.

Абутак з высокімі халявамі.

Хромавыя боты.

|| памянш. бо́цік, -а, мн. -і, -аў, м.

бо́ўтацца, -аюся, -аешся, -аецца; незак. (разм.).

1. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Плюхацца з аднаго боку ў другі (пра вадкасць у пасудзіне).

Боўтаецца вада ў біклазе.

2. Рухацца ў вадзе ў розных напрамках.

Б. ў рэчцы.

3. Шукаць што-н. у якой-н. вадкасці, страве лыжкай ці чым-н. іншым.

Б. лыжкай у місцы.

|| наз. бо́ўтанне, -я, н.

бо́ўтаць, -аю, -аеш, -ае; незак. (разм.).

1. Памешваць, рухаць чым-н. у вадкасці.

Б. апалонікам.

Б. вяслом.

2. чым. Рабіць рухі з боку ў бок ці ўзад і ўперад.

Б. нагамі.

|| зак. і аднакр. бо́ўтнуць, -ну, -неш, -не; -ні.

|| наз. бо́ўтанне, -я, н.

бо́ўтнуцца, -нуся, -нешся, -нецца; -ніся; зак.

Кінуцца, упасці ў ваду.

Бабёр боўтнуўся ў ваду.

бо́хан, -а, мн. -ы, -аў, м.

Выпечаны хлеб пераважна круглай формы.

бо́цман, -а, мн. -ы, -аў, м.

Званне малодшага каманднага складу на караблі, а таксама асоба, якая мае такое званне.

|| прым. бо́цманскі, -ая, -ае.