шпі́лька, -і, ДМ -льцы, мн. -і, -лек, ж.
1. Прыстасаванне ў выглядзе вілачкі для заколвання валасоў.
Сколваць валасы шпількай.
2. Засцежка для вопраткі, адзін канец якой хаваецца ў кручкаватае паглыбленне — галоўку.
Заколваць кішэню шпількай.
3. Іголка з каляровай галоўкай для аздаблення жаночага галаўнога ўбору.
4. Тонкі і высокі абцас на жаночым туфлі (разм.).
5. перан. З’едлівая заўвага (разм.).
Падпусціць шпільку каму-н.
|| прым. шпі́лечны, -ая, -ае (да 1—3 знач.) і шпі́лькавы, -ая, -ае (да 1—3 знач.).
шпіна́т, -у, М -на́це, м.
Агародная травяністая расліна сямейства лебядовых, маладое сакавітае лісце якой ідзе ў ежу.
|| прым. шпіна́тавы, -ая, -ае і шпіна́тны, -ая, -ае.
шпінгале́т, -а, М -ле́це, мн. -ы, -аў, м.
1. Засаўка для запірання створак акон, дзвярэй.
2. Пра дзіця, падлетка, які мае малы рост (разм.).
Ш., а лезе ў дарослую кампанію.
|| прым. шпінгале́тны, -ая, -ае (да 1 знач.).
шпіталізава́ць, -зу́ю, -зу́еш, -зу́е; -зу́й; -зава́ны; зак. і незак., каго (што) (спец.).
Змясціць (змяшчаць) у бальніцу, шпіталь для лячэння.
|| наз. шпіталіза́цыя, -і, ж.
шпіта́ль, -я, мн. -і, -яў, м.
Бальніца, пераважна вайсковая.
Палявы ш.
|| прым. шпіта́льны, -ая, -ае.
шпіц¹, -а, мн. -ы, -аў, м. (уст.).
Тое, што і шпіль.
шпіц², -а, мн. -ы, -аў, м.
Невялікі пакаёвы сабака з пушыстай поўсцю.
Карлікавы ш.
шпіяна́ж, -у, м.
Выведванне, збіранне або выкраданне звестак, якія складаюць ваенную або дзяржаўную тайну, для перадачы іх іншай дзяржаве.
Пайсці пад трыбунал за ш.
шпо́каць, 1 і 2 ас. не ўжыв., -ае; незак. (разм.).
Падаючы, стукаючыся аб што-н., утвараць кароткі глухі гук.
Жалуды шпокалі з дуба на дол.
|| аднакр. шпо́кнуць, -не; -ні.
|| наз. шпо́канне, -я, н.
шпо́ра, -ы, мн. -ы, шпор, ж.
1. Сагнутая па форме абцаса металічная дужка з кольцам на канцы, якая прымацоўваецца да бота наезніка і служыць для пануквання каня.
Даць шпоры каню (націснуць шпорамі).
2. Рагавы завостраны выступ на нагах самцоў некаторых птушак.
Шпоры ў пеўня.
3. Выступ на вобадзе кола ці на звёнах гусеніц трактара, танка і пад. (спец.).
|| прым. шпо́рны, -ая, -ае.