Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Прадмова Скарачэнні

тысяча...

Першая састаўная частка складаных слоў са знач.: які змяшчае тысячу якіх-н. адзінак, напр.: тысячаградусны, тысячакіламетровы, тысячарублёвы, тысячатонны, тысячагаловы.

тысячагадо́вы, -ая, -ае.

1. гл. тысячагоддзе.

2. Які праіснаваў тысячу гадоў.

Тысячагадовы Полацк.

тысячагало́сы, -ая, -ае.

Які складаецца з тысячы, мноства галасоў; утвораны тысячай, мноствам галасоў.

Т. птушыны хор.

тысячаго́ддзе, -я, мн. -і, -яў, н.

1. Прамежак часу ў тысячу гадоў.

Надыходзіць трэцяе т.

2. чаго. Гадавіна падзеі, што адбылася тысячу гадоў таму.

|| прым. тысячагадо́вы, -ая, -ае.

ты́сячны, -ая, -ае.

1. гл. тысяча.

2. Які складаецца з тысячы якіх-н. адзінак.

Т. мітынг.

3. Вартасцю ў тысячу рублёў або які ацэньваецца тысячамі.

4. Які атрымліваецца пры дзяленні на тысячу.

Адна тысячная доля секунды.

5. у знач. наз. ты́сячная, -ай, ж. Тысячная частка чаго-н.

Адна тысячная.

тыта́н¹, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. (з вялікай літары). У старажытнагрэчаскай міфалогіі: волат, які ўступіў у барацьбу з багамі Алімпа.

2. перан. Чалавек вялікага таленту, надзвычайнага розуму (высок.).

Т. навукі.

тыта́н², -у, м.

Хімічны элемент, серабрыста-белы цвёрды метал.

|| прым. тыта́навы, -ая, -ае.

тыта́н³, -а, мн. -ы, -аў, м.

Вялікі кіпяцільнік асобай канструкцыі.

Т. ужо закіпеў.

тыта́ністы, -ая, -ае.

Які мае ў сваім складзе тытан².

Т. жалязняк.

тытані́чны, -ая, -ае (высок.).

1. Які вызначаецца вялікай фізічнай або духоўнай сілай, розумам, талентам; уласцівы тытану¹ (у 2 знач.).

2. Вялікі па сіле, размаху; грандыёзны.