Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Прадмова Скарачэнні

трапята́цца, -пячу́ся, -пе́чашся, -пе́чацца; -пячы́ся; незак.

1. Пастаянна рухацца, варушыцца, дрыжаць.

Трапечацца лісце асіны.

Трапечуцца ветразі.

У сетцы трапяталася рыба.

2. Узмоцнена, часта біцца з прычыны моцнага хвалявання (пра сэрца).

Сэрца трапечацца ў грудзях.

|| наз. трапята́нне, -я, н.

трапята́ць, -пячу́, -пе́чаш, -пе́ча; -пячы́; незак.

1. Дрыжаць, рухацца, варушыць чым-н.

Лісце трапятала на ветры.

Верабей трапеча крыламі.

2. Мільгаць (пра агонь, святло і пад.).

Удалечыні трапяталі невядомыя агеньчыкі.

3. Узмоцнена, часта біцца (пра сэрца).

Сэрца трапятала ад радасці.

4. Адчуваць страх перад кім-н.

Перад ім кожны трапеча.

|| наз. трапята́нне, -я, н.

трапяткі́, -а́я, -о́е.

1. Які пастаянна варушыцца, дрыжыць; дрыгатлівы.

Вецер скалыхнуў трапяткое лісце.

2. Лёгкі, хуткі ў рухах, поўны энергіі (разм.).

Т. конь.

трапятлі́вы, -ая, -ае.

Тое, што і трапяткі (у 1 знач.).

тра́са, -ы, мн. -ы, трас, ж.

1. Лінія на карце або на зямной паверхні, якая намячае кірунак чаго-н.

Т. трубаправода.

2. Дарога, шлях.

Аўтамабільная т.

Паветраная т.

3. След, які пакідае за сабой трасіруючая куля, снарад і пад.

Т. ракеты.

|| прым. тра́савы, -ая, -ае.

трасало́гія, -і, ж.

Раздзел крыміналістыкі, які займаецца фіксацыяй і вывучэннем слядоў, пакінутых на месцы злачынства чалавекам, машынай і інш.

|| прым. трасалагі́чны, -ая, -ае.

трасе́нне гл. трэсці.

трасі́лка, -і, ДМ -лцы, мн. -і, -лак, ж. (спец.).

Машына для ачысткі льнянога валакна.

трасі́льшчык, -а, мн. -і, -аў, м.

Рабочы, заняты ачысткай ільнянога валакна на трасілцы.

|| ж. трасі́льшчыца, -ы, мн. -ы, -чыц.

трасі́раваць¹, -рую, -руеш, -руе; -руй; -раваны; зак. і незак., што.

1. Абазначыць (абазначаць) трасу (у 1 знач.).

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пакінуць (пакідаць) след пры палёце (пра кулю, снарад).

|| наз. трасі́раванне, -я, н. і трасіро́ўка, -і, ДМ -о́ўцы, ж.