Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

сказ, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. У граматыцы: сінтаксічна і інтанацыйна аформленая канструкцыя, якая выражае закончаную думку.

Безасабовы с.

Складаны с.

2. Народнае эпічнае апавяданне аб падзеях мінулага або сучаснасці.

С. пра герояў Вялікай Айчыннай вайны.

3. У літаратуразнаўстве: форма апавядання ў творы, што вядзецца ад імя літаратурнага героя. «С. пра Лысую гару».

|| прым. ска́завы, -ая, -ае.

сказа́нне, -я, мн. -і, -яў, н.

Паданне (пераважна народнае) гістарычнага або легендарнага зместу.

С. пра беларускіх волатаў.

сказану́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́; зак., што і без дап. (разм.).

Сказаць што-н. нечаканае (часам грубае і недарэчнае).

Трэба ж такое с.!

сказа́цца, 1 і 2 ас. не ўжыв., ска́жацца; зак. (разм.).

Быць сказаным.

На сходзе многае сказалася.

сказа́ць, скажу́, ска́жаш, ска́жа; скажы́; ска́заны; зак.

1. гл. гаварыць.

2. з інф. Распарадзіцца, загадаць.

Мне сказалі падрыхтаваць ілюстрацыйны матэрыял да тэмы.

Мама сказала сыну хутчэй бегчы дадому.

3. (звычайна з адмоўем). Зрабіць вывад, падумаць.

Па тваім адзенні не скажаш, што бедна жывеш.

4. у форме 1 ас. мн. буд. ска́жам ужыв. таксама як пабочн. сл. Напрыклад (разм.).

Скажам, заўтра я не змагу пайсці ў бібліятэку.

5. заг. скажы́(це). Вокліч, які служыць для выражэння здзіўлення, абурэння і пад. з прычыны чаго-н.

Скажыце, які ты спрытны!

6. у форме 2 і 3 ас. буд. ска́жаш (ска́жаце), ска́жа (ска́жуць). Вокліч з асобай інтанацыяй, ужыв. для выражэння нязгоды, недавер’я.

Схадзі ў лес па ягады! — Скажаш жа! — Куды ёй у лес!

Скажы(це), калі ласка — ветлівы зварот пры запытанні аб чым-н.

Скажыце, калі ласка, куды вядзе гэта дарога?

сказі́цца, 1 і 2 ас. не ўжыв., -зі́цца; зак.

1. Змяніцца, перайначыцца.

Інфармацыя пры перадачы па тэлебачанні сказілася.

2. Моцна змяніцца (пра твар, знешні выгляд).

Твар сказіўся ад болю.

|| незак. скажа́цца, -а́ецца.

|| наз. скажэ́нне, -я, н.

сказі́ць, скажу́, сказі́ш, сказі́ць; сказі́м, сказіце́, сказя́ць; скажо́ны; зак., што.

1. Перайначыць, падаць у няправільным, памылковым выглядзе.

С. думку.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Моцна змяніць (твар, знешні выгляд — ад болю, гора і пад.).

Боль сказіў твар.

|| незак. скажа́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. скажэ́нне, -я, н.

скакавы́ гл. скачкі.

скака́лка, -і, ДМ -лцы, мн. -і, -лак, ж.

Спартыўны інвентар у выглядзе шнура, цераз які скачуць, круцячы і перакідваючы яго цераз галаву.

скака́ць, скачу́, ска́чаш, ска́ча; скачы́; незак.

1. Рабіць скачкі, хутка рухацца, падскокваючы.

Дзеці скачуць на лузе.

Заяц скача па канюшыне.

С. на адной назе.

2. Адскокваць убок або ўверх, стукаючы аб што-н. цвёрдае.

Мячык скача па тратуары.

3. Міжвольна дрыжаць, трэсціся (пра часткі цела, твару; разм.).

Калені скакалі ад страху.

На шыі скача жылка.

4. Ехаць наўскач.

С. на кані праз выган.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Рэзка змяняцца (разм.).

Гутарка скакала з адной тэмы на другую.

Тэмпература ў дзіцяці скача.

Цэны скачуць.

6. Танцаваць (разм.).

С. польку.

7. Часта мяняць месца работы, вучобы (разм.).

С. з аднаго завода на другі.

Скакаць пад чыю дудку (неадабр.) — падпарадкоўвацца чужой волі.

|| аднакр. скакану́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́ (да 1, 2 і 5 знач.; разм.), ско́кнуць, -ну, -неш, -не; -ні (да 1, 2, 5 і 7 знач.) і ско́чыць, -чу, -чыш, -чыць (да 1 і 5 знач.).

|| наз. скака́нне, -я, н. і скок, -у, м. (да 4 знач.).