Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

ру́шыць, -шу, -шыш, -шыць; зак. і незак.

1. зак. Пачаць рух; накіравацца куды-н.

Трактар рушыў з месца.

Атрад рушыў да лесу.

Калгас за апошнія гады значна рушыў наперад (перан.: атрымаў далейшае развіццё).

2. незак. Тое, што і рухацца (у 1 знач.).

Ужо рушыць вясна.

3. зак. і незак., каго-што. Прымусіць (прымушаць) рухацца каго-, што-н.; адправіць каго-, што-н. куды-н.

Р. каня з месца.

Р. войска ў бой.

4. незак. (звычайна з адмоўем), каго-чаго. Чапаць, закранаць (разм.).

Гэтага чалавека не рушце, ён тут ні пры чым.

рыа́л, -а, мн. -ы, -аў, м.

Грашовая адзінка ў Іране і некаторых іншых краінах.

рыб...

Першая частка складаных слоў са знач. «рыбны», напр.: рыбінспекцыя, рыбнагляд.

ры́ба, -ы, мн. -ы, рыб, ж.

1. Вадзяная пазваночная жывёліна з канечнасцямі ў выглядзе плаўнікоў, якая дыхае жабрамі.

Касцявыя рыбы.

Драпежная р.

Рачная, марская р.

Біцца як р. аб лёд (пакутліва шукаць выйсце з цяжкага становішча; разм.). Адчуваць сябе дзе-н. як р. ў вадзе (натуральна, проста, добра; разм.). У каламутнай вадзе рыбу лавіць (перан.: мець выгаду, карыстаючыся няяснасцю абставін; разм., неадабр.).

2. Частка тушы (тушкі) такой жывёліны, якая ўжыв. ў ежу.

Смажаная, вэнджаная, салёная р.

Р. пад марынадам.

|| памянш. ры́бка, -і, ДМ -бцы, мн. -і, -бак, ж. (ласкавы зварот да жанчыны, дзіцяці; разм.).

|| прым. ры́бны, -ая, -ае і ры́бін, -а (да 1 знач.).

Рыбная лоўля.

Рыбная прамысловасць.

Рыбныя катлеты.

Рыбны дзень (у які гатуюцца рыбныя, а не мясныя стравы). Рыбіна луска.

Рыбін тлушч (вадкі тлушч з печані трасковых рыб).

рыба...

Першая частка складаных слоў са знач.:

1) які мае адносіны да рыбы, яе лоўлі, да развядзення, апрацоўкі рыбы, напр.: рыбаапрацоўка, рыбаахова, рыбагадавальнік, рыбагаспадарка, рыбаедны, рыбалакацыя, рыбапрамысловы;

2) які мае адносіны да рыбы (у 2 знач.), да рыбных прадуктаў, напр.: рыбавяндлярны, рыбазасольны, рыбакансервы, рыбамаразільны, рыбапрадукты.

рыбаво́д, -а, М -дзе, мн. -ы, -аў, м.

Спецыяліст па рыбаводстве.

рыбаво́дства, -а, н.

Развядзенне рыб у вадаёмах як галіна народнай гаспадаркі, гаспадарчай дзейнасці.

|| прым. рыбаво́дчы, -ая, -ае і рыбаво́дны, -ая, -ае.

рыбаво́з, -а, мн. -ы, -аў, м.

Судна для перавозкі жывой рыбы.

|| прым. рыбаво́зны, -ая, -ае.

рыба́к, -а́, мн. -і́, -о́ў, м.

Чалавек, які займаецца рыбнай лоўляй як промыслам, а таксама як аматар рыбнай лоўлі.

Калі бацька р., дык і дзеці ў ваду глядзяць (з нар.).

|| ж. рыба́чка, -і, ДМ -чцы, мн. -і. -чак.

|| прым. рыба́цкі, -ая, -ае і рыба́чы, -ая, -ае.

рыба́лка, -і, ДМ -лцы, мн. -і. -лак, ж. (разм.).

Рыбная лоўля (у рыбакоў-аматараў).

Паехаць на рыбалку.