Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

раджа́ць гл. радзіць.

радзе́ць, 1 і 2 ас. не ўжыв., -е́е; незак.

Рабіцца рэдкім, радзейшым, менш густым; змяншацца колькасна.

Радзее лес.

Радзее туман.

|| зак. парадзе́ць, -е́е.

радзі́льны, -ая, -ае.

1. Прызначаны для аказання ўрачэбнай дапамогі пры родах.

Р. дом.

2. Які бывае пры родах.

Радзільная гарачка.

радзі́ма, -ы, ж.

1. Бацькаўшчына, родная краіна.

Абарона Радзімы.

2. Месца нараджэння, узнікнення, паходжання каго-, чаго-н.

Паехаць на сваю радзіму.

Радзіму, як і маці, не выбіраюць (прыказка).

радзі́мец, -мцу, м. (разм.).

Прыпадак хваробы ў малых дзяцей (а таксама ў парадзіх і цяжарных жанчын), які суправаджаецца сутаргамі і стратай прытомнасці.

радзі́мічы, -аў, адз. радзіміч, -а, м.

Група ўсходнеславянскіх плямён, якія жылі ў першым тысячагоддзі ў міжрэччы Дняпра і Дзясны па цячэнні ракі Сож і яе прытокаў.

радзі́мка, -і, ДМ -мцы, мн. -і, -мак, ж.

Прыроджаная плямка на скуры чалавека.

Р. на шчацэ.

радзі́мы, -ая, -ае (нар.-паэт.).

Родны.

Р. край.

Сустракай, радзімая (наз.), дарагіх гасцей.

Радзімая пляма — прыроджанае змяненне скуры.

Радзімая пляма — недахоп, які з’яўляецца перажыткам чаго-н.

Радзімыя плямы мінулага.

радзі́на, -ы, ж. (разм.).

Сям’я, радня.

Сабралася ўся р.

радзі́ны, -ін.

1. Нараджэнне дзіцяці.

2. Сямейнае святкаванне, звязанае з нараджэннем дзіцяці.

Спраўляць р.