Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Прадмова Скарачэнні

папуа́сы, -аў, адз. -пуа́с, -а, м.

Карэннае насельніцтва Новай Гвінеі і некаторых астравоў Меланезіі.

|| ж. папуа́ска, -і, ДМ -а́сцы, мн. -і, -сак.

|| прым. папуа́скі, -ая, -ае.

папуга́й, -я, мн. -і, -яў, м.

1. Птушка трапічных краін з яркім стракатым апярэннем, якая здольна пераймаць розныя гукі і словы.

Не паўтарай мае словы, як п.

2. перан. Пра чалавека, які паўтарае чужыя словы, не маючы свайго погляду (разм., неадабр.).

|| прым. папуга́еў, -га́ева, -га́евы (да 1 знач.) і папуга́йскі, -ая, -ае (да 2 знач.).

папу́дзіцца, 1 і 2 ас. не ўжыв., -іцца; зак.

Спудзіцца — пра ўсіх, многіх.

Коні папудзіліся.

папу́дрыцца гл. пудрыцца.

папу́дрыць гл. пудрыць.

папужа́цца, 1 і 2 ас. адз. не ўжыв., -а́ецца; -а́емся, -а́ецеся, -а́юцца; зак.

Спужацца — пра ўсіх, многіх.

Дзеці папужаліся.

папужа́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; зак., каго (што).

1. Злёгку напужаць.

2. Спужаць усіх, многіх.

папулі́зм, -у, м. (кніжн.).

Грамадскі рух (з канца 19 ст.), які апелюе непасрэдна да шырокіх мас і сцвярджае, што яны самі, маючы моцнага лідара, здольны вырашаць свае сацыяльныя праблемы.

|| прым. папулі́сцкі, -ая, -ае.

папулі́ст, -а, М -сце, мн. -ы, -аў, м.

Прыхільнік папулізму.

|| прым. папулі́сцкі, -ая, -ае.

папуля́рны, -ая, -ае.

1. Агульнадаступны, зразумелы па прастаце, яснасці выкладу.

Папулярная літаратура.

Папулярна (прысл.) усё растлумачыць.

2. Які шырока вядомы; прызнаны грамадскасцю.

Папулярная песня.

|| наз. папуля́рнасць, -і, ж.