Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Прадмова Скарачэнні

паказа́цца, -кажу́ся, -ка́жашся, -ка́жацца; -кажы́ся; зак.

1. З’явіцца, стаць бачным.

З-за павароту паказалася машына.

2. Прыйсці, з’явіцца дзе-н.

П. дзе-н. пасля доўгай хваробы.

3. каму. Даць каму-н. паглядзець на сябе, агледзець сябе.

Ну, пакажыся, як ты выглядаеш у новым гарнітуры.

П. ўрачу.

|| незак. пака́звацца, -аюся, -аешся, -аецца.

паказа́ць, -кажу́, -ка́жаш, -ка́жа; -кажы́; -ка́заны; зак.

1. каго-што, каму. Даць магчымасць убачыць каго-, што-н., упэўніцца ў чым-н., навучыцца чаму-н.

П., як карыстацца паяльнікам.

2. што, на каго-што. Звярнуць чыю-н. увагу на каго-, што-н. (звычайна зрабіўшы рух, жэст у напрамку каго-, чаго-н.).

П. дарогу на станцыю.

П. рукой на шыльду.

3. каго-што, каму. Даць убачыць, каб разгледзець, азнаёміцца.

П. хворага ўрачу.

П. новы спектакль.

4. каго-што. Выявіць, праявіць.

П. веды.

5. са злуч. «што». Даць паказанне (у 1 знач.).

Усе, як адна, сведкі паказалі, што ў гэты дзень абвінавачанага дома не было.

6. што (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пра вымяральныя прыборы: засведчыць, адзначыць.

Тэрмометр паказаў 38,8 °С.

Гадзіннік паказаў поўнач.

7. каму. Правучыць каго-н., адпомсціць каму-н., даць зразумець, адчуць каму-н. што-н. (разм.).

Я ж яму пакажу за гэта!

|| незак. пака́зваць, -аю, -аеш, -ае (да 1—6 знач.).

|| наз. пака́з, -у, м. (да 1—4 знач.).

П. спектакля.

пака́зваць, -аю, -еш, -ае; незак.; гл. паказаць.

Вачэй не паказваць куды (разм.) — не з’яўляцца дзе-н., у каго-н., не бываць.

Пальцам паказваць (тыкаць) на каго-што (разм.) — указваць на каго-н., хто праявіў сябе з адмоўнага боку; звяртаць увагу на што-н.

паказны́, -а́я, -о́е.

1. Які паказваецца як узор.

Паказныя тавары.

Паказная стральба.

2. Разлічаны на знешняе ўражанне, прытворны.

Паказная сціпласць.

паказу́ха, -і, ДМу́се, ж. (разм.).

Выгляд усяго добрага, паспяховай дзейнасці; дзеянні, разлічаныя на знешні эфект, на тое, каб зрабіць добрае ўражанне на каго-н.

Устроілі паказуху перад начальствам.

|| прым. паказу́шны, -ая, -ае.

пака́зчык, -а, мн. -і, -аў, м.

1. У матэматыцы: паказчык ступені — лічбавае або літарнае абазначэнне, якое паказвае ступень, у якую ўзводзіцца дадзены лік або выраз.

2. Тое, па чым можна меркаваць пра развіццё і ход чаго-н.

Паказчыкі высокай культуры і адукаванасці.

паказыта́ць гл. казытаць.

пакаламу́ціцца гл. каламуціцца.

пакаламу́ціць гл. каламуціць.

пакале́нне, -я, мн. -і, -яў, н.

1. Сваякі адной ступені роднасці ў адносінах да агульнага продка.

З пакалення ў п. перадаецца што-н. (у спадчыну дзецям ад бацькі, малодшым ад старэйшых).

2. Людзі блізкага ўзросту, якія жывуць у адзін час.

Сучаснае маладое п.

3. Група людзей, блізкіх па ўзросце, аб’яднаных агульнай дзейнасцю.

П. музыкантаў.